Праект рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН патрабуе ад Расеі выплаціць рэпарацыі Ўкраіне

На адным з паседжаньняў Генэральнай Асамблеі ААН

Паводле Голасу Амэрыкі, дакумэнт вынесуць на галасаваньне на наступным тыдні.

Генэральная Асамблея ААН прызначыла на панядзелак, 14 лістапада, галасаваньне аб рэзалюцыі, якая заклікае прыцягнуць Расею да адказнасьці за парушэньне міжнароднага права пры ўварваньні ва Ўкраіну, у тым ліку праз выплату рэпарацыяў.

Праект рэзалюцыі, які ёсьць у распараджэньні Associated Press, прызнае неабходнасьць стварэньня «міжнароднага мэханізму рэпарацыяў для пакрыцьця стратаў або шкоды» ў выніку «неправамерных дзеяньняў» Расеі стасоўна Ўкраіны.

Дакумэнт рэкамэндуе 193 дзяржавам-сябрам Асамблеі стварыць у супрацы з Украінай «міжнародны рэестар» для дакумэнтаваньня прэтэнзіяў і інфармацыі аб стратах або шкодзе ўкраінцам і ўраду, прычыненых Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: рамонт Крымскага мосту зацягнецца, а безь яго Расея ня зможа аднавіць забесьпячэньне свайго войска

Расея, якая мае права вэта ў Радзе Бясьпекі, заблякавала ўсе спробы самага ўплывовага органу ААН прыняць меры пасьля таго, як прэзыдэнт Уладзімір Пуцін загадаў сваім войскам уварвацца ва Ўкраіну 24 лютага.

Аднак у Генэральнай Асамблеі няма права вэта, і яна ўжо прыняла чатыры рэзалюцыі, якія асуджаюць расейскае ўварваньне.

Адрозна ад рэзалюцыящ Рады Бясьпекі, рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі юрыдычна не абавязковыя, але яны адлюстроўваюць пазыцыю сусьветнай супольнасьці і прадэманстравалі шырокае непрыманьне ваенных дзеяньняў Расеі.

Суаўтарамі рэзалюцыі выступілі Канада, Гватэмала, Нідэрлянды і Ўкраіна.

Прэс-сакратар Генэральнай Асамблеі Паліна Кубяк заявіла ў аўторак, што дэбатаў аб праекце рэзалюцыі ня будзе, але краіны могуць патлумачыць сваю пазыцыю да або пасьля таго, як Асамблея прыме рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: сыстэмы NASAMS ужо ва Ўкраіне, вайскоўцы завяршылі навучаньне

Праект рэзалюцыі пацьвярджае прыхільнасьць Генэральнай Асамблеі да «сувэрэнітэту, незалежнасьці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасьці» Ўкраіны і паўтарае патрабаваньне да Расеі неадкладна «спыніць ужываньне сілы супраць Украіны» і вывесьці свае войскі з украінскай тэрыторыі.

У дакумэнце таксама выказваецца «сур’ёзная заклапочанасьць з прычыны гібелі людзей, перамяшчэньня цывільнага насельніцтва, разбурэньня інфраструктуры і прыродных рэсурсаў, страты дзяржаўнай і прыватнай уласнасьці і эканамічных бедзтваў, выкліканых расейскай агрэсіяй супраць Украіны».

Дакумэнт спасылаецца на рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі, прынятую 16 сьнежня 2005 году, пад назваю «Асноўныя прынцыпы і кіроўныя палажэньні, якія датычаць права на юрыдычную абарону і пакрыцьцё стратаў для ахвяраў грубых парушэньняў міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека і сур’ёзных парушэньняў міжнароднага гуманітарнага права».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.