Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Судовы працэс вядзе судзьдзя — Натальля Трацякова, дзяржабвінаваўца — пракурор Барысенка.
Палітзьняволены Аляксандар Патапаў быў затрыманы міліцыяй 25 жніўня 2022 году і ўзяты пад варту па падазрэньні ў абразе Лукашэнкі ў камэнтары ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністратыўнай справы па арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.
Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным сьледчым ізалятары № 2.
У першы дзень судовага працэсу было агучана абвінавачаньне: ураджэнец Украіны Патапаў у Беларусі пражывае з 1997 году, пасьля раненьня і гібелі ва Ўкраіне ад рук расейскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і пляменьніцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 году разьмясьціў у сацыяльнай сетцы два камэнтары, якія экспэртыза палічыла «абразьлівымі».
Праваабаронцы пішуць, што ў Патапава цяжкі псыхалягічны стан, ён моцна ўзрушаны і часта плача. Судзьдзя яго час ад часу супакойвае.
Наступнае судовае пасяджэньне прызначанае на аўторак, 15 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ад расейскіх абстрэлаў загінула пляменьніца беларускага палітвязьняПатапаў: «Горка і балюча ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне»
Тэлеграм-канал @dissidentby паведаміў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў загінула пляменьніца беларускага палітвязьня Аляксандра Патапава. Ён украінец, але мае беларускае грамадзянства. Да 45 гадоў ён жыў ва Ўкраіне, а апошнія гады — у вёсцы Хатоля Віцебскай вобласьці. 68-гадовага мужчыну затрымалі ў межах крымінальнай справы, якую завялі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі, за нібыта абразу Лукашэнкі ў камэнтарах у адной з сацыяльных сетак.
«Мне горка і балюча за тое, што адбываецца ва Ўкраіне, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі і дзеці. У часе ракетнага абстрэлу Кіева загінула мая пляменьніца, а яе трохгадовая дочачка стала калекай», — напісаў Аляксандар Патапаў у адным з сваіх лістоў на волю.
У той жа час пакуль дакладна не вядома, калі гэта адбылося. Кіеў з 10 жніўня зноў апынуўся пад прыцэлам расейскай арміі.
Праваабаронцы заклікаюць падтрымаць палітвязьня лістом альбо паштоўкай : СІЗА-2, вул. Гагарына, 2, 210026 г. Віцебск, Аляксандру Фёдаравічу Патапаву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 лістапада: пяць чалавек затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце палку Каліноўскага