Як паведаміла выданьне «Флагшток», у якое перадалі знойдзены тэлефон, зь ліставаньня маёра становіцца зразумелым, што падрыхтоўка да нападу на Ўкраіну рыхтавалася яшчэ ў 2021 годзе. Тады Павал Юр’янаў напісаў жонцы, што больш у яго выходных ня будзе.
Зь ягоных паведамленьняў таксама вынікае, што матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне вайскоўцаў было арганізавана вельмі слаба. Перад адпраўкай у Беларусь ён папрасіў жонку набыць яму цёплую куртку і кітайскую радыёстанцыю.
Выданьне паведаміла, што імаверным месцам прамежкавай дысьлякацыі роты Юр’янава быў Рэчыцкі раён. Пра тое, што гэта будуць ня проста вучэньні, ён расказаў жонцы яшчэ 4 лютага, і з таго дня пісаў, што можа больш ніколі не вярнуцца дадому.
«Ліставаньне зампаліта ўтрымлівае доказы наданьня тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны. У тэлеграм-чаце „На барыкады“ 6 лютага былі апублікаваныя шыфры перамоўнай табліцы, якія ўтрымлівалі назвы паселішчаў Гомельскай вобласьці: палігон Баршчоўка, палігон Баранавічы, Рэчыца, Бязуева (імаверна, Бязуеў, вёска недалёка ад Рэчыцы, дзе разьмяшчаўся вайсковы лягер у студзені-лютым 2022 году)», — піша выданьне.