Паляк пайшоў вывучаць беларускую, каб проста мець студэнцкія зьніжкі, а цяпер беларусізуе беларусаў

Альбэрт Ежы Вяжбіцкі

Альбэрт Ежы Вяжбіцкі чысты паляк і размаўляе на чысьцюткай беларускай мове. У яго ня было беларускіх бабулі і дзядулі, ён ніколі не цікавіўся Беларусьсю. Адзінай матывацыяй вывучыць беларускую мову стала жаданьне атрымаць студэнцкае пасьведчаньне, каб карыстацца зьніжкамі.

Гісторыя з вывучэньнем беларускае мовы пачалася дужа нетыпова. У 2017 годзе Альбэрт вярнуўся ў Польшчу з Грузіі, дзе ўдзельнічаў у эўрапейскай валянтэрскай праграме Erasmus. Гэта адбылося пасьля пачатку навучальнага году, таму паступіць у ВНУ ён не пасьпеў. Але жаданьне атрымаць права на студэнцкія зьніжкі перамагло, ён пачаў шукаць хоць што, абы паступіць і атрымаць «кніжачку».

«Я пайшоў паглядзець, якія факультэты Варшаўскі ўнівэрсытэт прапануе ў зімовым сэмэстры, і там сярод іх была беларуская філялёгія. І я такі ня быў адзін, нас было каля трыццаці. Але празь месяц застаўся я адзін. Карацей, у мяне былі прыватныя заняткі ва ўнівэрсытэце ў рамках факультэту. Тады я зразумеў, што гэта выдатная магчымасьць застацца і ўвайсьці ў гэтую справу мацней. Гэта было вельмі зручна, ты адзін на занятках, часам цябе далучаюць да групаў, у якіх па 3-5 асобаў. Адчуваньне, што ты ў нейкай сям’і. Так я і застаўся на беларускай філялёгіі».

Сям’я і сябры не былі супраць, бо ня ведалі рэальнае сытуацыі зь беларускаю моваю ў Беларусі. Альбэрт кажа, што выраз «беларуская філялёгія» ў Польшчы ўспрымаецца як кожная іншая філялёгія. Сярэднестатыстычны паляк перакананы, што беларусы ў сваёй краіне размаўляюць па-беларуску так, як і палякі ў Польшчы па-польску.

«Ніхто не зьдзівіўся, тым больш усе ведалі, што я цікаўлюся рознымі мовамі, таму лічылі, што такі кірунак не пашкодзіць», — кажа Альбэрт. Ужо праз год ён пачаў паступова пераходзіць на беларускую мову. Спачатку, зь яго словаў, «трасяніў». Акурат тады Альбэрт упершыню трапіў у Беларусь.

Альбэрт у Менску, 2019 год

«Уражаньні ад Беларусі ў мяне былі такія, якіх я і чакаў. Вельмі шырокі і даволі пусты Менск. Варшава таксама пасьляваенная, але ў Менску прасторы вельмі шмат. Але моўны фактар мяне ўсё ж зьдзівіў. Людзі вельмі дзіўна на мяне глядзелі, калі я казаў, што вучуся ў Польшчы на беларускай філялёгіі. Я прыехаў зь вялікім энтузіязмам, але на месцы зразумеў, што ніхто мне там па-беларуску адказваць не зьбіраецца», — расказвае Альбэрт.

У канцы 2018 году ўжо гутарыў на чысьцюткай беларускай. Тады ж ён знайшоў дадатковую працу, дзе спатрэбілася беларуская мова.

«Я працаваў для адной НДА, дзе быў памочнікам каардынатара праектаў. У мае абавязкі ўваходзіла камунікацыя зь беларускімі арганізацыямі. На жаль, нямала тых людзей, зь якімі я вёў перапіску, цяпер палітвязьні. Пазьней я даволі доўга працаваў у Беларускай службе Польскага радыё. Па-беларуску размаўляе так мала спэцыялістаў, што праблемаў з працай увогуле не было», — гаворыць Альбэрт.

Па-беларуску ён размаўляе штодня, гэта хатняя мова, якою ён гаворыць з сваёй дзяўчынай-беларускай. Пакуль Альбэрт працуе настаўнікам польскай мовы для замежнікаў. Сярод яго студэнтаў — багата беларусаў, пасьля 2020 году вымушаных пакінуць Беларусь.

«Калі мушу нешта ім патлумачыць не на польскай мове, то раблю гэта па-беларуску. Мне так самому прасьцей, бо многіх расейскіх мовазнаўчых тэрмінаў я проста ня ведаю. Апрача таго, я працую гідам па Варшаве. Улетку я пачаў іх ладзіць і па-беларуску з дапамогай Беларускага моладзевага хабу. Гэта экскурсіі па Старым горадзе, габрэйскай Варшаве, варшаўскай Празе, экскурсіі, прысьвечаныя варшаўскім легендам або часам акупацыі».

Падчас экскурсіі па Варшаве

Альбэрт дзеліцца назіраньнем: спачатку многія беларусы выбачаюцца, што не размаўляюць па-беларуску, таму, маўляў, ня змогуць падтрымаць размову на беларускай. Але ўжо праз пару хвілін самі спрабуюць размаўляюць па-беларуску. Некаторыя ўспрымаюць размовы з Альбэртам як штуршок для ўласнага пераходу на беларускую.

«Я іх беларусізую і мне гэта вельмі падабаецца. Часам адчуваю сябе супэргероем: мне ўдалося зрабіць нешта, што здавалася немагчымым. У 2019 годзе я быў назіральнікам ад АБСЭ падчас парлямэнцкіх выбараў. І ў Гомлі нам прызначылі перакладніцу, вельмі прыемную жанчыну, але па-беларуску яна не размаўляла, гэта была такая тыповая „русская женщина“. У групе мы размаўлялі па-ангельску, але калі нам давялося гутарыць сам-насам, то я прынцыпова перайшоў на беларускую. Спачатку яна прынцыпова мне адказвала па-расейску, але ў нейкі момант перайшла на беларускую. Сама зьдзівіліся свайму валоданьню беларускай мовай і падзякавала мне. Гэта быў самы вялікі посьпех у пачатку маёй беларускамоўнай кар’еры».

Альбэрт моцна шкадуе, што шмат беларусаў лічаць сваю мову малапэрспэктыўнай. На яго думку, з «малою» моваю ёсьць больш магчымасьцяў усталяваць стабільны ўзровень жыцьця, чым зь вялікай.

«Калі я размаўляю па-беларуску, то ўсе беларусы, умоўна кажучы, мяне ведаюць. Ведаюць, што ёсьць паляк, які вядзе беларускамоўныя экскурсіі. Калі б я іх праводзіў па-расейску, то быў бы адным зь мільёна. Ня быў бы нейкім унікальным. Але гэта датычыць і беларусаў. Калі нейкі беларус, напрыклад, адмысловец у нейкай галіне, то лепш быць адзіным беларускамоўным адмыслоўцам, чым адным зь дзясяткаў тысяч расейскамоўных», — лічыць Альбэрт.

Беларусы, на яго думку, сталі закладнікамі заганнае лёгікі — маўляў, размаўляючы па-расейску, яны далучаныя да вялізнага рынку. Ён прыводзіць у прыклад 4-мільённую Нарвэгію, дзе ўласная мова вельмі прэстыжная.

«А калі выкарыстоўваць меркі беларусаў, то нарвэская там увогуле непатрэбная, яны ж могуць размаўляць па-ангельску. А беларусаў удвая больш. Грузінаў 3,5 мільёна і яны цудоўна гавораць па-грузінску. І дзяржава функцыянуе. Ня трэба прытуляцца да вялікай мовы, бо яна нас зьядае», — кажа Альбэрт.

Рэгіён Кашубы, паўночна-заходняя Польшча. 2020 год

Адраджэньне беларускае мовы ён ня лічыць немагчымым працэсам. Для гэтага, на яго думку, павінна быць адпаведная дзяржаўная палітыка. Спадзяецца, што так і будзе.

«Людзям трэба выкінуць з галавы сорам ад беларускасьці. А гэта можа адбыцца толькі тады, калі прэзыдэнт, улада, чыноўнікі пачнуць гаварыць па-беларуску. Прыклад павінен ісьці ад тых, каго мы слухаем, з тэлевізіі таксама. Але таксама важная адукацыя дзяцей. Я дапамагаў украінскім уцекачам і пабачыў, што дзеці, якія пачалі вучыцца ўжо ўва ўкраінскіх садках і школах, „перацягваюць“ расейскамоўных бацькоў ва ўкраінскасьць. Калі вярнуць беларусам беларускія школы, то праз 20 гадоў людзі будуць гаварыць па-беларуску».

Цяпер Альбэрт рыхтуецца да абароны магістарскай працы ўва ўнівэрсытэце. Беларусістыка ў Варшаўскім унівэрсытэце — адзіны ў сьвеце беларускі факультэт па-за Беларусьсю. Але апошнімі гадамі, як кажа Альбэрт, ён лічыцца вельмі непапулярным кірункам. Паводле фінансава-бюракратычных мерак яго мусілі даўно закрыць. Альбэрт жартуе, што спадзяецца на польскую выведку, якая не дазволіць закрыць такі кірунак, бо яна павінна разумець, наколькі гэта важна.

«Мець такі факультэт — выдатная інвэстыцыя ў будучыню, у адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю, калі там пераможа дэмакратыя. Бо дэмакратычная Беларусь будзе нашым партнэрам. Нават калі гэта цяпер не аплочваецца грашыма, факультэт павінен трымацца. Нават тады, калі там будзе двое студэнтаў», — перакананы Альбэрт.