Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў на перадвыбарным мерапрыемстве ў падтрымку дэмакратаў за два дні да выбараў, падчас якіх рэспубліканцы могуць атрымаць кантроль над адной ці абедзьвюма палатамі Кангрэсу.
Байдэн папярэдзіў, што перамога рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах 8 лістапада можа аслабіць дэмакратыю ў ЗША.
У гэты ж час на перадвыбарчым мітынгу ў падтрымку рэспубліканцаў выступіў экс-прэзыдэнт Дональд Трамп, які ў сваёй прамове намякнуў на тое, што ён можа зноў балятавацца на пасаду прэзыдэнта ЗША.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Дэмакратам, імаверна, давядзецца сутыкнуцца з даволі змрочнымі пэрспэктывамі на выбарах, нягледзячы на выкананыя Байдэнам абяцаньні стымуляваць разьвіцьцё чыстай энэргетыкі і забясьпечыць фінансаваньне аднаўленьня дарог і мастоў, адзначае «Голас Амэрыкі».
Рэспубліканская партыя крытыкуе Байдэна за высокую інфляцыю і рост злачыннасьці пасьля пандэміі COVID-19.
Незалежныя экспэрты прадказваюць, што рэспубліканцы атрымаюць большасьць у Палаце прадстаўнікоў і, магчыма, у Сэнаце.
Цяпер дэмакраты маюць большасьць і ў Палаце, і ў Сэнаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня здолела зьнішчыць ва Ўкраіне ніводнага HIMARS, – крыніца ў ПэнтагонеДэмакраты фактычна страцілі лідзіруючыя пазыцыі ў перадвыбарнай гонцы за месцы ў Сэнаце ў штатах Джорджыя, Пэнсыльванія і Нэвада.
Калі рэспубліканцы атрымаюць кантроль хаця б над адной з палатаў Кангрэсу, то гэта дазволіць ім супрацьдзейнічаць заканадаўчым ініцыятывам Байдэна і пачаць патэнцыйна небясьпечныя для Дэмакратычнай партыі расьсьледаваньні.
Байдэн папярэдзіў, што многія кандыдаты-рэспубліканцы пагражаюць дэмакратычным нормам, паўтараючы ілжывыя сьцьвярджэньні Трампа аб скрадзеных выбарах у 2020 годзе. «Дэмакратыя літаральна вынесеная на галасаваньне», — сказаў ён, выступаючы перад студэнтамі Каледжа Сары Лоўрэнс у горадзе Ёнкерс, штат Нью-Ёрк. «Вы ня можаце любіць сваю краіну толькі тады, калі перамагаеце».
Экс-прэзыдэнт Трамп на мітынгу ў Маямі паўтарыў многія са сваіх скаргаў на выбары 2020 году і намякнуў, што неўзабаве можа абвясьціць пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2024 годзе.
«Магчыма, мне зноў давядзецца гэта зрабіць, але сачыце за інфармацыяй», — сказаў ён, крытыкуючы адміністрацыю Байдэна за ўсё — ад росту злачыннасьці да брудных аэрапортаў.
Дарадца Трампа заявіў, што афіцыйная заява пра ўдзел Трампа ў выбарах прэзыдэнта ў 2024 годзе можа быць зробленая на працягу месяца.
Па выніках нядаўна праведзенага апытаньня Reuters/Ipsos, дзейнасьць Байдэна на пасадзе прэзыдэнта ўхваляе 40% амэрыканцаў. У сакавіку 2021 году яго дзейнасьць ухвалялі 59% апытаных грамадзянаў ЗША.