Расейскія ўдзельнікі вайны ва Ўкраіне і іхныя сваякі просяць дапамагчы кіраўнікоў сваіх рэгіёнаў

Мабілізацыя ў Расеі, ілюстрацыйнае фота

Губэрнатар Прыморскага краю Алег Кажамяка даручыў праверыць паведамленьні ў сацыяльных сетках аб стратах 155-й асобнай гвардзейскай брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флёту. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале ўраду рэгіёну.

Кажамяка ня выключыў, што інфармацыя аб стратах можа быць „укідам“ спэцслужбаў Украіны. Кіраўнік рэгіёну зьвярнуўся ў вайсковую пракуратуру і іншыя кампэтэнтныя органы для высьвятленьня.

У нядзелю шэраг пракрамлёўскіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што вайскоўцы 155-й брыгады марской пяхоты напісалі ліст Кажамяку, дзе распавялі аб высокіх і «бессэнсоўных» стратах у людзях і тэхніцы, якія брыгада панесла ў раёне Паўлаўкі. Там пазначаныя імёны генэралаў, якія, на думку аўтараў ліста, вінаватыя, і ацэнка стратаў расейскіх вайскоўцаў — «каля 300 чалавек забітымі, параненымі і зьніклымі бязь вестак» за некалькі дзён.

Аўтары ліста папрасілі губэрнатара зьвярнуцца ў Міністэрства абароны Расеі з запытам аб стварэньні камісіі для расьсьледаваньня сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: Расея ня можа аднавіць перавагі ў паветры на вайне з Украінай 

Радыё Свабода ня можа незалежна пацьвердзіць інфармацыю пра ліст і вялікія страты, аднак абодва бакі канфлікту раней паведамлялі пра цяжкія баі пад Паўлаўкай у раёне гораду Вуглядар, дзе расейскія войскі перайшлі ў наступ, зрэшты, хутка спынены.

Незалежныя СМІ пакуль не знайшлі пацьверджаньняў, ці быў такі зварот марскіх пяхотнікаў. Расейскія сілы пачалі наступ на Паўлаўку ў канцы кастрычніка, паведаміўшы, што частку паселішча нібыта ўзялі пад кантроль. Абодва бакі канфлікту раней паведамлялі аб цяжкіх баях пад Паўлаўкай у раёне Вуглядару.

У канцы сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прысвоіў 155-й асобнай брыгадзе марской пяхоты званьне гвардзейскай «за масавы гераізм і адвагу, стойкасьць і мужнасьць, праяўленыя асабовым складам брыгады ў баявых дзеяньнях па абароне Айчыны і дзяржаўных інтарэсаў ва ўмовах узброеных канфліктаў».

«Вёрстка»: варонескіх змабілізаваных абяцалі адвесьці ў тыл

Сваякі змабілізаваных жыхароў Варонескай вобласьці, якія напярэдадні патрабавалі вярнуць салдатаў зь перадавой лініі фронту ва Ўкраіне, у нядзелю сустрэліся з губэрнатарам вобласьці Аляксандрам Гусевым. Пра гэта паведамляе выданьне «Вёрстка» з спасылкай на сваякоў.

Паводле іх, губэрнатар прыняў каля 50 чалавек раніцай у нядзелю. Падчас сустрэчы, паводле адной з удзельніц, яны проста пры губэрнатару тэлефанавалі змабілізаваным на фронт, і тыя расказвалі пра становішча. Як паведамляецца, вайскоўцы атрымалі ад сваякоў сьпісы і паабяцалі «цягам трох дзён» вывесьці іх з зоны баявых дзеяньняў і адправіць у шпіталь, дзе, між іншым, правераць «стан іхнае псыхікі».

Афіцыйна пацьверджанняў гэтаму няма. Паводле сваякоў, губэрнатар і яго падначаленыя паводзіліся карэктна і выказвалі жаданьне дапамагчы людзям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі Генштаб: расейскія вайскоўцы ў цывільным умацоўваюць пазыцыі ў Херсоне для вулічных баёў

Напярэдадні, як паведаміла «Вёрстка», сем’і змабілізаваных зьвярнуліся да губэрнатара з просьбай выратаваць жыхароў рэгіёну, якіх, як сьцьвярджаецца, камандаваньне пакінула пад Сватавам у анэксаванай Луганскай вобласьці. У запісе жыхары Варонежу сьцьвярджаюць, што камандзіры кінулі падразьдзяленьне змабілізаваных на лініі судакрананьня з украінскай арміяй, якая пачала абстрэл.

Некалькі змабілізаваных расказалі «Вёрстцы», што, паводле іх ацэнкі, пад абстрэламі загінулі да 500 чалавек. Гэтая ацэнка патрабуе пацьверджаньня, якое складана апэратыўна атрымаць падчас баявых дзеяньняў.

Пра такія маштабныя баі ў раёне Макееўкі Луганскай вобласьці абодва бакі вайны не паведамлялі, хоць назва гораду і фігуравала ў зводках. Неназваны варонескі чыноўнік паведаміў «Вёрстцы», што можа ісьціся «пра значна меншыя ахвяры» — паводле яго, трапіўшы пад абстрэл, змабілізаваныя маглі адступіць і тым самым выратавацца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.