Старонка музэю ў фэйсбуку, што засталася пад кантролем супрацоўнікаў, якія пасьпелі эвакуявацца, напісала аб вялікім акце марадэрства ва ўстанове. З 31 кастрычніка па 3 лістапада, згодна з іхнай інфармацыяй, акупацыйныя ўлады прывезьлі на месца 30-40 чалавек, якія загружалі экспанаты і арганізацыйную тэхніку ў машыны, каб вывезьці.
«Пра далікатнае стаўленьне да старадаўніх рарытэтаў гаворкі не вядзецца — для транспарціроўкі карціны не ўпакоўвалі адмысловым чынам, а загортвалі ў нейкую анучу.
1 лістапада пагрузілі і вывезьлі 3 грузавікі і школьны аўтобус у суправаджэньні людзей у цывільным з аўтаматамі, 2 лістапада — яшчэ 2 грузавікі, 3 лістапада парэшткі вывезьлі на аўтобусе без узброенай аховы. Калі скралі адну з найлепшых калекцый Украіны, вакол музэю стаялі блёкпосты. Спадзяёмся ў бліжэйшы час высьветліць, што менавіта нелегальна было вывезена за чатыры дні, але несумненна, самае каштоўнае (XVII-XIX стст.) вывезена першым».
Груз быў накіраваны ў Крым, але ня факт, што гэта апошні пункт прызначэньня, адзначылі супрацоўнікі Херсонскага мастацкага музэю.
Таксама яны паведамілі аб тым, што актыўнае спрыяньне акупантам у выкраданьні каштоўнасьцяў аказалі некаторыя супрацоўнікі музэю, якія працавалі ў ім і пры ўкраінскай уладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Херсоне з абласной адміністрацыі зьнік акупацыйны расейскі сьцяг. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рабаваньні і вываз людзей. Што адбываецца ў акупаваных раёнах Херсонскай вобласьці