Студэнты іранскіх унівэрсытэтаў зладзілі новыя дэманстрацыі, у той час як многія ўладальнікі крам аб’явілі страйк 5 лістапада, нягледзячы на пашырэньне рэпрэсій з боку ўладаў, піша іранская служба Радыё Свабода.
Пратэсты, якія ўспыхнулі ў сувязі са сьмерцю 22-гадовай жанчыны пасьля катаваньняў у паліцыі, ідуць ужо два месяцы.
Махса Аміні памерла ў верасьні пасьля таго, як яе арыштавала іранскай паліцыя маралі за «неналежнае» нашэньне абавязковай ісламскай хусткі або хіджабу. Яе сьмерць, прычынай якой афіцыйныя асобы назвалі сардэчны прыступ, выклікала хвалю антыўрадавых пратэстаў у гарадах па ўсёй краіне, улады сустрэлі іх жорсткімі разгонамі.
Група па правах чалавека ў Іране, што базуецца ў нарвэскім Осла, паведаміла, што загінулі як найменей 277 чалавек, у тым ліку 40 дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскія ўлады правялі сакрэтнае пахаваньне памерлага журналіста Радыё СвабодаСілы бясьпекі выкарысталі новыя захады, каб спыніць пратэсты ва ўнівэрсытэтах у сталіцы Тэгеране 5 лістапада, абшукваючы студэнтаў і прымушаючы іх зьняць маскі. Студэнты падвяргаліся праверцы дрэс-коду ў паўночнатэгеранскім аддзяленьні Ўнівэрсытэту Азад і ў Тэхналягічным унівэрсытэце Шарыфа, вядучай вышэйшай навучальнай установе і традыцыйным «рассадніку іншадумства».
На відэа, апублікаваным BBC Persian, заўважаныя студэнты, якія скандавалі: «Я свабодная жанчына, ты — вычварэнец» у Ісламскім унівэрсытэце Азад Мешхеда на паўночным усходзе Ірану.
«Студэнт памірае, але не прымае прыніжэньня», — сьпявалі студэнты Гілянскага ўнівэрсытэту ў горадзе Рашт на поўначы краіны на кадрах, апублікаваных у інтэрнэце адным з актывістаў.
Дзясяткі людзей скандавалі падобныя лёзунгі на жалобнай цырымоніі праз 40 дзён пасьля гібелі пратэстоўца Джавада Гейдары ў горадзе Казьвін на паўночным захадзе. Людзі назіралі за «пашырэньнем страйку» у родным горадзе Аміні — Сакезе, што ў іранскай правінцыі Курдыстан. У горадзе на знак пратэсту зачыніліся крамы, паведамляе нарвэская праваабарончая група Hengaw.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як іранская рэвалюцыя можа ўратаваць Украіну