Расея ня здолела зьнішчыць ва Ўкраіне ніводнага HIMARS, – крыніца ў Пэнтагоне

HIMARS

Расейскія войскі не змаглі зьнішчыць ніводнай рэактыўнай сыстэмы HIMARS з пастаўленых украінскай арміі, паведаміла выданьне Politico, спасылаючыся на неназванага высокапастаўленага прадстаўніка міністэрства абароны ЗША.

Паводле адкрытых дадзеных, усяго Ўкраіна атрымала 20 высокамабільных артылерыйскіх ракетных сыстэм HIMARS з уласных запасаў ЗША.

Разам з тым Украіна па-ранейшаму мае патрэбу ў вялікай колькасьці артылерыі для працягу баявых дзеяньняў. Паводле прадстаўніка Пэнтагону, тэмпы выдаткоўваньня боепрыпасаў застаюцца высокімі – Украіна выпускае за дзень 4-7 тысяч артылерыйскіх снарадаў, Расея – каля 20 тысяч.

Акрамя таго, ВСУ маюць вострую патрэбу ў дадатковых сыстэмах супрацьпаветранай абароны. Паводле міністра абароны Ўкраіны Аляксея Рэзьнікава, у бліжэйшы час Украіна павінна атрымаць ад партнэраў некалькі сыстэм Hawk, NASAMS і Crotale.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Украіна папрасіла ў ЗША ракеты з радыюсам дзеяньня да 300 км для працягу наступу ў 2023 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн абвясьціў пра новы пакет ваеннай дапамогі Ўкраіне на $ 725 мільёнаў. Што ён уключае