Меркаваным віноўнікам пажару ў расейскай Кастраме, дзе загінулі 13 чалавек, названы вайсковец, які вярнуўся з Украіны

Пажар у кастрамскім клюбе "Палігон"

Пры пажары ў начным кафэ-клюбе «Палігон» у расейскім горадзе Кастрама загінулі 13 чалавек, больш за 250 былі эвакуяваныя. Прычынай пажару экстранныя службы называюць выкарыстаньне піратэхнікі.

Распачатая крымінальная справа аб прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці і аб неналежным аказаньні паслуг. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Меркаваным віноўнікам пажару ў кастрамскім клюбе «Палігон» назвалі 23-гадовага вайскоўца Станіслава Іонкіна, яго затрымалі. Паводле дадзеных расейскага интэрнэт-выданьня «Baza», у жніўні ён вярнуўся з Украіны, дзе атрымаў раненьне, а ў Кастраму прыехаў на мэдкамісію. У ноч на 5 лістапада паміж наведвальнікамі клюба завязалася масавая бойка, падчас якой Іонкін некалькі разоў стрэліў з ракетніцы ў столь клюба.

Сьледчыя затрымалі таксама дырэктара фірмы «Імпэрыя», якая арганізоўвала працу клюба «Палігон». Пра гэта паведамляе інфармацыйны цэнтар Сьледчага камітэту Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія клюбы ня лепшыя за пермскую “Хромую лошадь”

Пажар тушылі пяць гадзін, плошча ўзгараньня склала 3,5 тысячы квадратных мэтраў – на ўсёй гэтай плошчы абрынуўся дах. Як піша «Baza», у клюбе працавалі толькі 3 эвакуацыйныя выхады, яшчэ 4 былі зачыненыя. Пажарным, якія прыбылі на выклік, давялося выломліваць дзьверы, каб людзі змаглі выйсьці.

Уладальнікам клюба, паводле дадзеных аналітычнай сыстэмы «СПАРК», зьяўляецца намесьнік кіраўніка фракцыі «Адзіная Расея» ў Кастрамской абласной думе Іхтыяр Мірзоеў.

  • У 2009 годзе ў Расеі адбылася падобная трагедыя ў пермскім клюбе «Хромая лошадь», дзе запусьцілі так званы халодны фэервэрк. Іскра патрапіла на аздабленьне столі – пачаўся пажар. Пры тым, што ўстанова была разьлічаная на 50 пасадачных месцаў, у ноч трагедыі там было 350 чалавек. Да запаснога выхаду не было ўказальнікаў, ён быў завалены рэчамі. З прычыны цеснаты, перапоўненасьці клюба, адсутнасьці вокнаў, а таксама хуткага распаўсюджваньня дыму, тады загінулі 156 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перм хавае загіблых