У Польшчы стартавалі міжнародныя вайсковыя вучэньні Puma-22. Сцэнары ўлічваюць досьвед Украіны

Ілюстрацыйнае фота

У прыватнасьці, сёлета падразьдзяленьні будуць улічваць вопыт і высновы, зробленыя падчас вайны ва Ўкраіне.

У Польшчы пачаліся буйныя вайсковыя вучэньні краін Вышаградзкай групы «Пума-22», у якіх бяруць удзел амаль 2 тысячы вайскоўцаў і каля 300 адзінак тэхнікі, паведамляе PAP са спасылкай на сьпікера польскай 18-й мэханізаванай дывізіі Пшэмыслава Ліпчыньскага.

«У іх бяруць удзел вайскоўцы з Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Вугоршчыны, а таксама саюзьнікі з ЗША і Вялікай Брытаніі, якія знаходзяцца на Падкарпацьці ў сувязі з сытуацыяй за нашай усходняй мяжой», — адзначыў ён.

Паводле Ліпчыньскага, сёлета падчас манэўраў будуць улічваць вопыт, атрыманы падчас вайны ва Ўкраіне.

«Мэта вучэньняў — павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці навучаньня войскаў, а таксама праверка ўменьня плянаваць, арганізоўваць і праводзіць тактычныя апэрацыі ва ўзаемадзеяньні зь саюзьнікамі», — сказаў ён.

У вучэньнях пераважна задзейнічаныя бранятанкавыя і мэханізаваныя падразьдзяленьні Сухапутных войскаў, а таксама артылерысты, сапёры, хімікі, зэнітчыкі і выведчыкі.

Вайскоўцы адпрацуюць манэўраваньне абароны, фарсіраваньне воднай перашкоды на рацэ Сан, ліквідацыю заражэньня хімічнымі падразьдзяленьнямі, праверку парадку выкліку артылерыйскага агню і мэдыцынскай эвакуацыі, комплекснае пажаратушэньне. Заданьні будуць выконвацца днём і ноччу.

Вучэньні «Пума-22» будуць праходзіць да 9 лістапада. Таксама паралельна з вучэньнямі праводзяцца камандна-штабныя манэўры «Сыстэма-22», «Гепард-22» і «Сян-22».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO праводзіць вучэньні ядзернага стрымліваньня: плянавыя, за 1000 км ад Расеі і без баявой зброі