CNN: Ва Ўкраіне адключыліся 1300 тэрміналаў Starlink з прычыны праблем з фінансаваньнем

Адзін з тэрміналаў Starlink ва Ўкраіне

Як паведамляе тэлеканал CNN са ссылкай на неназваныя крыніцы, адключэньне адбылося 24 кастрычніка і закранула тэрміналы, якія Ўкраіна набыла ў сакавіку ў брытанскай кампаніі і выкарыстоўвала ў баявых апэрацыях.

Паводле дадзеных CNN, украінскія вайскоўцы плацілі па 2500 даляраў у месяц за кожны з 1300 тэрміналаў Starlink. Да верасьня агульныя траты вырасьлі да 20 мільёнаў даляраў, і вайскоўцы больш не змаглі аплочваць працу тэрміналаў.

Як піша CNN, у пачатку кастрычніка Мінабароны Ўкраіны зьвярнулася да брытанскіх вайскоўцаў з просьбай аплаціць рахунак за месяц у памеры 3, 25 мільёна даляраў. «Мы падтрымліваем шэраг тэрміналаў, якія маюць прамое тактычнае значэньне для ўкраінскіх вайскоўцаў у адбіцьці расейскага ўварваньня», — заявіў тэлеканалу брытанскі чыноўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СNN: Кампанія Маска адмаўляецца фінансаваць паслугі Starlink ва Ўкраіне

У верасьні кампанія SpaceX адправіла Міністэрству абароны ЗША ліст, у якім заявіла, што больш ня можа аплочваць адпраўку ва Ўкраіну тэрміналаў спадарожнікавай сувязі Starlink, і папрасіла Пэнтагон узяць фінансаваньне на сябе. 15 кастрычніка Ілан Маск заявіў, што SpaceX працягне аплочваць спадарожнікавую сувязь Starlink для Украіны, нягледзячы на фінансавыя страты кампаніі.

Крыніца CNN у Пэнтагоне адзначае, што, нягледзячы на заяву Ілана Маска аб гатоўнасьці надаваць Украіне паслугі Starlink бясплатна, ведамства і SpaceX працягваюць перамовы аб фінансаваньні праекту. «Усе ў нашым будынку ведаюць, што мы зьбіраемся ім заплаціць», — сказаў высокапастаўлены чыноўнік Пэнтагону CNN.

Starlink актыўна карыстаюцца ўкраінскія вайскоўцы для камунікацыі адзін з адным, атрыманьня выведвальных дадзеных і кіраваньня бесьпілётнікамі. Невядома, колькі менавіта тэрміналаў выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы, але адключаныя 1300 тэрміналаў складаюць значную частку, адзначае CNN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Зяленскага адрэагаваў на словы Маска пра немагчымасьць бясплатна даваць Украіне сыстэмы Starlink
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск заявіў, што працягне аплачваць Starlink для Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква заявіла, што гатовая зьбіваць камэрцыйныя спадарожнікі, якія выкарыстоўвае Ўкраіна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: ЗША адрэагуюць на магчымыя ўдары Расеі па камэрцыйных спадарожніках