Дзясяткі мабілізаваных у Казані выйшлі на пратэст з прычыны дрэнных умоваў на вучэбна-трэніровачным палігоне. Некалькі відэа з кадрамі бунту апублікавалі выданьне «Сота» і тэлеграм-канал ASTRA.
Як паведамляе «Сота», мабілізаваныя незадаволеныя іржавымі аўтаматамі, недахопам вады, ежы і дроваў для ацяпленьня. На відэа чуваць, як адзін з удзельнікаў пратэсту патрабуе паставіць пральныя машыны, каб мабілізаваныя маглі штодня мыцца — і тады яны «кожны дзень з раніцы да вечара ў гразі будуць з задавальненьнем».
Да ўдзельнікаў пратэсту выйшаў палкоўнік, як яго называюць на відэа. Пратэстоўцы папрасілі яго «растлумачыць пацанам» — палкоўнік быў змушаны сысьці пад сьвіст і скандаваньне абразаў.
Увага! У відэа ўтрымліваецца нецэнзурная лексыка:
- Гэта ня першы раз, калі мабілізаваныя на вайну ва Ўкраіне скардзяцца на праблемы з забесьпячэньнем. Толькі за апошні месяц у сетцы зьявіліся дзясяткі падобных відэа. Напрыклад, мабілізаваныя ў Белгародзкай вобласьці таксама скардзіліся на недахоп дроваў.
- Пасьля аб’яўленьня мабілізацыі 21 верасьня з розных рэгіёнаў стала прыходзіць інфармацыя, што мабілізаваныя вымушаны самі зьбіраць сябе на вайну. Ім не хапае экіпіроўкі, іх просяць самастойна купіць ахоўныя сродкі і аптэчкі. У некаторых выпадках для гэтага іх сваякі бяруць крэдыты і мікрапазыкі.
- Экспэрты ня раз адзначалі, што нават да 300 тысяч навабранцаў матэрыяльна-тэхнічная база расейскіх узброеных сіл аказалася гатова дрэнна. Гэта пацьвярджаюць і тыя, хто ўжо пабыў на вайне ва Ўкраіне.
- Улады запэўніваюць, што мабілізацыя ў Расеі скончылася. 28 кастрычніка міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну аб выкананьні пляну па мабілізацыі — на вайну былі прызваныя 300 тысяч чалавек. Аднак афіцыйнага ўказу аб завяршэньні мабілізацыі няма. Паводле прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, юрысты лічаць, што «такі дакумэнт не патрэбны».
- 4 лістапада Пуцін заявіў, што на вайну ва Ўкраіне мабілізаваныя 318 тысяч расейцаў, 49 тысяч зь іх ужо знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, астатнія пакуль праходзяць падрыхтоўку. Раней міністар абароны Сяргей Шайгу паведамляў, што на фронт зьехалі 87 тысяч мабілізаваных.