2 лістапада Тацяна Зарэцкая сышла з пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту па фінансах і эканоміцы, назваўшы прычынай сыходу шматлікія пагрозы на адрас яе, яе сваякоў і яе бізнэс-партнэраў. Пасьля гэтага ў СМІ зьявіліся публікацыі, у якіх выказваюцца сумневы ў пасьпяховасьці бізнэсу Зарэцкай.
Сьвятлана Ціханоўская адказала выданьню «Зеркало» на пытаньні, як уласьніца Laava Tech патрапіла ў Кабінэт, чаму абралі менавіта яе і якія праверкі яна праходзіла.
Паводле Ціханоўскай, Кабінэт разглядаў на гэтую пасаду розных кандыдатаў, і Тацяна Зарэцкая «была прапанаваная да разгляду аўтарытэтным спэцыялістам». Раней некалькі кандыдатаў адмовіліся, а Тацяна «пагадзілася, праявіла энтузіязм і зацікаўленасьць».
«Тацяна прайшла нашу праверку бясьпекі, прайшла паліграф. Яе правяраў BYPOL. Мы размаўлялі з МЗС Эстоніі, у іх няма ніякіх пытаньняў да Тацяны. Ад іх атрымалі станоўчыя водгукі», — сказала Ціханоўская.
На працягу працы ў Кабінэце, паводле Ціханоўскай, Тацяна Зарэцкая «ўдзельнічала ў пасяджэньнях Кабінэта і вяла прамыя перамовы з партнэрамі, разам з чальцамі Кабінэту працавала над складаньнем бюджэту і фінансавага пляну працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урокі адстаўкі Тацяны Зарэцкай. Дыскусія аналітыкаўНа пытаньне, ці была нейкая праверка бізнэсаў і слоў Зарэцкай да прызначэньня яе на пасаду, Ціханоўская адказала: «Магчыма, было памылкай, што мы не зрабілі дбайнай праверкі».
«Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі, як мы камунікавалі падчас гэтага крызісу. Памылкай было таксама, што недастаткова кансультаваліся з экспэртнай супольнасьцю. Памылкай было тое, што Тацяна, мусіць, адказала не на ўсе пытаньні, і гэта дало глебу для абвінавачаньняў. Гэта ўрок. Мы вынесьлі гэты ўрок, прызнаем памылкі і працягваем працу», — дадала Ціханоўская.
Што да пагрозаў Зарэцкай журналістам судовым разборам, яна адзначыла, што «недапушчальна ціснуць на СМІ і забараняць публікацыі». Паводле Ціханоўскай, у будучыні Кабінэт плянуе больш размаўляць з журналістамі і кансультавацца з экспэртамі. У камандзе неўзабаве зьявіцца прэс-сакратар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я атрымала сотні пагрозаў. Атака працягвалася некалькі тыдняў». Зарэцкая патлумачыла Свабодзе прычыны сыходу з Кабінэту2 лістапада 28-гадовая беларуская IT-прадпрымальніца, заснавальніца кампаніі Laava Tech Тацяна Зарэцкая заявіла, што пакідае сваю пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту па фінансах і эканоміцы ў сувязі зь ціскам на яе блізкіх, сяброў і калег. Яна пратрымалася на гэтай пасадзе 2 месяцы.
За некалькі тыдняў да гэтай заявы ў праўладных тэлеграм-каналах стала распаўсюджвацца спасылка на тэкст (які там называюць «расьсьледаваньнем»), які ставіць пад сумнеў бізнэс-посьпехі Зарэцкай. Журналісты спрабавалі пагаварыць пра гэта з прадпрымальніцай, але яна адмовілася адказваць на большасьць пытаньняў і пагражала журналістам судом у выпадку публікацыі інфармацыі безь яе згоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-прадпрымальніца Зарэцкая заявіла пра сыход з Аб’яднанага пераходнага кабінэту