Дырэктару ПТУП «Маёнтак Падароск» Юрыю Меляшкевічу і фінансаваму дырэктару Зьмітру Карабачу выстаўленае абвінавачаньне ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў.
«Што, вядома, поўная хлусьня», — адзначаюць калегі затрыманых у паведамленьні на афіцыйнай старонцы «Маёнтку Падароск» у Фэйсбуку.
Паводле гэтага крымінальнага артыкулу (ч.2 арт. 243 КК РБ) ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: затрымалі мэнэджара сеткі «На сувязі» і праваабаронцу Насту Лойку; назвалі яшчэ 625 «экстрэмістаў»27 кастрычніка стала вядома пра затрыманьне кіраўніка «Маёнтку Падароск» Юрыя Меляшкевіча. Ён намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Да ліквідацыі быў намесьнікам старшыні грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“», актывістам руху «За свабоду».
Пазьней высьветлілася, што таксама затрыманыя фінансавы дырэктар Дзьмітры Карабач і бухгальтарка Вольга Балтрукевіч. Іх затрымалі ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы — верагодна, паводле арт.243 КК «Ухіленьне ад выплаты падаткаў».
Вольга Балтрукевіч пасьля 72 гадзін затрыманьня выйшла на волю, яна знаходзіцца дома. Пакуль невядома, пад якую меру стрыманьня яе адпусьцілі — хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе. Разам зь ёй правялі ператрусы ў офісах прадпрыемства, паведамляе Hrodna.life.
Падчас ператрусу 27 кастрычніка сілавікі забралі дакумэнты фірмы і кампутары, паведаміў уладальнік маёнтку Павал Падкарытаў.
Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Азаронак „топіць“ на БТ, Бондарава прыходзіць на экскурсіі асабіста». Як рэжым цісьне на экскурсаводаў