«Ён хацеў нешта зрабіць, супрацьстаяць уладам, бо ўжо было невыносна. Напісаў у мясцовы чат. Яго выманілі, відаць, міліцыянты, і затрымалі», — расказала Свабодзе сястра асуджанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 лістапада: праваабаронцам вядома пра 22 затрыманых палітзьняволеных «хімікаў»«Ільля палюбіў Украіну і марыў тут жыць»
Жанчына з 2015 году жыве ва ўкраінскім Мікалаеве. Яна пераехала сюды з Гомля, бо пабралася шлюбам з украінцам. Да Яны прыяжджаў у госьці малодшы брат Ільля.
«Яму вельмі спадабаўся Мікалаеў і Украіна ўвогуле, ён хацеў тут жыць. Ён марыў, што з часам пераедзе ва Ўкраіну. Ільля скончыў школу, пайшоў працаваць. Ён атрымаў правы кіроўцы. Марыў папрацаваць, зарабіць грошай, купіць аўто — ён вельмі любіць кіраваць аўто», — расказала Яна.
24 лютага пачалася вайна.
«Ільля казаў, што будзе вайна, яшчэ за год да таго, як яна пачалася. Ён цікавіўся палітыкай, глядзеў розных блогераў. Казаў мне пра вайну, але я ня верыла. Ільля таксама казаў мне, што трэба абавязкова вучыць украінскую мову. Цяпер я разумею чаму, калі нас прыйшлі „ратаваць“ ад „нацыстаў“. Ён быў на эмоцыях з 24 лютага, перажываў, хацеў нешта рабіць. Таму пачаў пісаць паведамленьні ў чаце „Гомель 97%“, які прызнаны экстрэмісцкім», — кажа сястра асуджанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялізныя турэмныя тэрміны, прастрэленыя калені, звальненьні з працы. Што было беларусам, якія адкрыта падтрымалі Ўкраіну«Замест аднадумцаў прыйшлі міліцыянты, прыставілі пісталет да галавы»
«Ён пачаў пісаць у чаце розныя прапановы, маўляў, давайце зьбяромся, давайце нешта рабіць, — працягвае Яна. — Бо яму было невыносна ад таго, што адбывалася, невыносна было так жыць. Можа, у асабістых перапісках ён дамовіўся пра сустрэчу, як ён думаў, з аднадумцамі. Позна вечарам 27 лютага Ільля пайшоў на месца сустрэчы. Гэта было недзе пад мостам. Да яго спусьціліся, прыставілі пісталет да галавы і сказалі: „Ты прыйшоў“. З таго часу Ільля ў турме».
Гомельскі абласны суд прызнаў Ільлю Верамеева вінаватым у «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 293 КК), «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК) і пакараў шасьцю з паловай гадамі пазбаўленьня волі.
«Трымаўся ён годна. Прысуд успрыняў спакойна. На судзе былі маці і ягоныя сябры. Ён разумеў, што яго чакае, бо там па артыкулах яму пагражала да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Ільля разумеў, што гэта ня суд, а судзілішча, якое ня мае ніякай легітымнасьці. Гэта было абсалютна несправядлівае судзілішча. Ільля ня меў нейкіх надзей на тое, што апраўдаюць», — кажа сястра асуджанага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятнаццаць гадоў узмоцненага рэжыму «за пляны»: вынесены прысуд аднаму з «рэйкавых партызан»«Шмат малюе, чытае «Архіпэляг Гулаг»
Ільля хварэе на астму і пакутуе ад алергіі. Сястра кажа, што маці перадае яму неабходныя лекі. Ён піша, што чытае «Архіпэляг Гулаг» Салжаніцына, шмат малюе.
«Малюе маці паштоўкі, для мяне маляваў коміксы. Раней зь ім сядзелі хлопцы, яны гулялі ў шахматы, потым іх перавялі. Па сутнасьці, Ільля сеў за глупства, напісаў паведамленьні на эмоцыях», — кажа Яна.
Жанчына кажа, што ўпэўнена: пасьля вызваленьня Ільля пераедзе жыць ва Ўкраіну. «Я сама пакуль у Беларусь не паеду. Можа, паеду некалі. Пакуль жа няма сэнсу туды ехаць», — кажа сястра.
У Ільлі на сьледзтве і судзе было двое адвакатаў. Абодвух пазбавілі ліцэнзій да прысуду. Паводле словаў сястры, Ільля будзе абскарджваць прысуд, але ўжо без адваката. Апэляцыйнае паседжаньне адбудзецца 22 лістапада.
Падтрымаць Ільлю можна па наступным адрасе: 246003 Гомель, вул. Кніжная, 1а, СІЗА-3, Ільля Верамееў.