Экспарт калію зь Беларусі сёлета скароціцца ў 1,5 раза, прагназуе найбуйнейшы гулец сусьветнага рынку

Калійныя шахты «Беларуськалію» каля Салігорску.  Ілюстрацыйнае фота

Экспарт калійных угнаеньняў з Беларусі ў 2022 годзе скароціцца на 50-60% , прагназуе канадзкая хімічная кампанія Nutrien.

У сваёй справаздачы, якую цытуе Bpn-info.online, аб дзейнасьці ў студзені– верасьні, кампанія Nutrien зазначае, што міжнародная рэакцыя на вайну паміж Расеяй і Ўкраінай працягне «аказваць шырокамаштабныя наступствы на валятыльнасьць глябальнага рынку і эканамічныя ўмовы, уключаючы цэны на энэрганосьбіты і сыравінныя тавары».

Кампанія паведаміла, што чысты кошт рэалізацыі «павялічыўся ў трэцім квартале і першых дзевяці месяцах 2022 году, бо ўплываюць абмежаваньні прапановы», у прыватнасьці зьвязаныя зь «нявызначанасьцю будучых паставак з Расеі і Беларусі».

Аналітыкі Nutrien не змаглі прадказаць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы канфлікту ў Украіне.

Разам з тым яны падкрэсьлілі, што «захоўваецца няпэўнасьць» адносна патэнцыяльнага ўзьдзеяньня вайны і яе ўплыву на глябальную харчовую бясьпеку, вытворцаў і рыначныя пэрспэктывы асноўных паказчыкаў попыту і прапановы на рынку пажыўных рэчываў для сельскагаспадарчых культур і цэн на пажыўныя рэчывы.

«Мы чакаем, што пастаўкі калію з Усходняй Эўропы будуць па-ранейшаму абмежаваныя ў 2023 годзе, пры гэтым пастаўкі зь Беларусі, паводле прагнозаў, скароцяцца на 40-60%, а з Расеі — на 15-30% у параўнаньні з узроўнямі 2021 года. «Сусьветныя пастаўкі калійных угнаеньняў прагназуюцца на ўзроўні ад 64 да 67 мільёнаў тон у 2023 годзе», — рэзюмавалі аналітыкі.

Па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН за 2021 год, у тройку краін – лідэраў у вытворчасьці і экспарту калійных угнаеньняў уваходзілі Канада (14 млн тон; 28% сусьветнага рынку), Расея (9 млн; 18%) і Беларусь (8 млн; 16 %). Летась на гэтыя краіны прыпала больш як 60 працэнтаў сусьветных паставак.

Сярод ключавых імпартэраў — Бразылія, ЗША, Кітай і Індыя.

Nutrien — канадзкая хімічная кампанія, найбуйнейшы ў сьвеце вытворца калійных угнаеньняў.

Санкцыі ў дачыненьні да беларускага хлёркалію ўведзены ЭЗ у сэктаральным пакеце ў 2021 годзе. Зьвесткі аб экспарце калійных угнаеньняў Белстат не публікуе зь мінулага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вайна ва Ўкраіне і санкцыі душаць экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта ўкраінскага рынку і эўрапейскія санкцыі проста забіваюць беларускую нафтаперапрацоўку, — эканаміст Барнукова