28 верасьня 2021 году ў Менску ў перастрэлцы загінулі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітрый Федасюк. Трагедыя спарадзіла грамадзкае абмеркаваньне, у выніку якога па ўсёй Беларусі за камэнтары затрымалі каля 200 чалавек. Шмат каго ўжо асудзілі.
Свабода паглядзела — як, за што і каго судзілі па «справе Зельцара».
«Пасьля затрыманьня практычна не было сьледчых дзеяньняў, заварушыліся толькі ў жніўні»
Максім (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) год адседзеў у турме як абвінавачаны па «справе Зельцара». На судзе ён атрымаў паўтара года і выйшаў на волю.
Затрыманьне для яго было нечаканым, расказвае Максім.
«Спынілі супрацоўнікі КДБ. Трапіў у ІЧУ, потым у СІЗА. НА ІЧУ было шмат такіх, як я, затрыманых за камэнтары. Людзі былі зьбянтэжаныя, разгубленыя, большасьць не разумела, за што іх узялі. Некага „хапнулі“ на працы, некага на вуліцы ці дома. Усе неяк былі ўпэўненыя, што доўга сядзець ня будуць. Казалі, што ці пасьля рэфэрэндуму, ці, можа, будзе амністыя, і іх адпусьцяць дахаты. На доўгія тэрміны не разьлічвалі», — кажа Максім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два гады калёніі для чалавека ні за што — гэта мала?». Што новага ў затрыманых у «справе Зельцара»У камэрах СІЗА яму трапляліся розныя людзі. Гэта былі і «звычайныя крымінальнікі», і палітычныя, і бізнэсоўцы, і чыноўнікі.
«Мне трапляліся прыстойныя людзі. „Камэнтатары“ па справе Зельцара мне не трапляліся ў камэрах. Там стараліся такіх не садзіць разам. Толькі чуў, што іх шмат у СІЗА», — кажа асуджаны.
Найбольш цяжка яму было ад таго, што быў псыхалягічны ціск і адсутнічала інфармацыя па крымінальнай справе.
«Допытаў было мала. Доўгія месяцы, бадай да жніўня, увогуле не было сьледчых дзеяньняў. Невядомасьць — вось гэта было цяжка. Для палітычных жа асаблівыя ўмовы ў турме. Часьцей праверкі, пастаноўка ўсіх на розны ўлік. Мяне паставілі на ўлік як „экстрэміста“ і як схільнага да агрэсіі, захопу будынкаў і закладнікаў», — дадаў Максім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год «справе Андрэя Зельцара». За камэнтары да перастрэлкі судзяць дагэтульПершапачаткова яго абвінавацілі па частцы 3 артыкула 130 (распальваньне варожасьці). Па такім артыкуле абвінавачанаму пагражала да 12 гадоў калёніі. Пасьля 10 месяцаў у СІЗА артыкул «распальваньне варожасьці» зьнялі. Зьявіўся новы — «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
«Але гэта да чатырох гадоў калёніі. Я псыхалягічна быў гатовы, што дадуць максымум. Шчыра кажучы, я быў такі змучаны ў СІЗА, што мне ўжо на судзе было абыякава, колькі мне там дадуць. Калі далі паўтара, то, канечне, я абрадаваўся», — кажа Максім.
Ён кажа, што да лютага 2022 году атрымліваў лісты як ад сяброў, так і ад неабыякавых беларусаў. Ад пачатку лютага лісты перасталі даходзіць.
«Адміністрацыя турмы казала, што няма лістоў мне. Хоць гэта было ня так. Але грашовыя пераводы і бандэролі даходзілі. Таму цяпер я кажу людзям, каб дасылалі пераводы і бандэролі нашым палітычным, каб яны бачылі, што іх не забылі», — дадаў асуджаны.
Па вызваленьні ён хоча заняцца сваім здароўем, якое падарваў у турме.
Паўтара месяца ад затрыманьня — у нечалавечых умовах у Жодзіне
Найбольш затрыманьняў адбылося ў першыя дні пасьля перастрэлкі. Людзей пачалі затрымліваць за камэнтары 29 верасьня. Большасьць затрыманых, асабліва ў Менску і вобласьці, а таксама з Горадні, трапілі ў турму ў Жодзіне. Паўтара месяца яны ўтрымліваліся там у нечалавечых умовах — без матрацаў, верхняй вопраткі, перадач, туалетнай паперы, душу і прагулак.
Пасьля людзей пачалі «расьсяляць» у турмы па месцы жыхарства.
Судзілі людзей ня толькі за камэнтары, але і за «падабайкі» ў сацыяльных сетках. Менавіта па такім абвінавачаньні атрымаў паўтара года калёніі ратавальнік з Горадні Аляксандар Курганскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому начальніку часткі МНС далі 1,5 года калёніі ў «справе Зельцара»
Першапачаткова практычна ўсіх затрыманых абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці» і «абразе прадстаўніка ўлады». У многіх такія артыкулы не дайшлі да суду і былі замененыя на «мякчэйшыя», кшталту «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Так адбылося ў выпадку зь вядомым гомельскім валянтэрам Ільлём Міронавым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фармаваў станоўчы вобраз Зельцара і нэгатыўны — супрацоўнікаў КДБ». За што судзілі вядомага гомельскага валянтэраЁн у сацыяльных сетках выказаў спачуваньне родным забітага Андрэя Зельцара. Сьледзтва і суд расцанілі гэта так: «Фармаваў станоўчы вобраз Зельцара і нэгатыўны — супрацоўнікаў КДБ».
За гэта валянтэр атрымаў паўтара года. Ён ужо на волі, як і многія затрыманыя за камэнтары. Бо паводле дейнага заканадаўства адзін дзень у СІЗА лічыцца як паўтара ў калёніі. Прысуд у паўтара года па справе камэнтароў стаў увосень 2022 году адным з распаўсюджаных.
Людзі атрымлівалі за камэнтар да трох з паловай гадоў калёніі
- Першы суд па «камэнтарах» адбыўся ў студзені 2022 году. Жыхар Магілёва атрымаў два гады калёніі.
- Два гады калёніі атрымала маладая бібліятэкарка з Крупак, год і 10 месяцаў — псыхіятар зь Менску Натальля Мікіціна.
- Жыхар Чэрыкава за камэнтар пад навіной пра сьмерць супрацоўніка КДБ «Народ адкрыў лік» атрымаў тры з паловай гады калёніі.
- Выкладчыка гісторыі з Баранавічаў Эдгара Шырко суд прызнаў вінаватым у «распальваньні варожасьці» і «абразе прадстаўніка ўлады» і пакараў трыма гадамі пазбаўленьня волі.
Судзілі ня толькі апанэнтаў улады, але і прыхільнікаў яе. Напрыклад, у Гомлі два гады калёніі за камэнтары атрымаў грузчык вінзаводу Дзьмітрый Малашанка. На судзе высьветлілася, што ён удзельнічаў у велапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі і браў удзел у якасьці дружыньніка ў свой выходны дзень на выбарах у 2020 годзе.
«Ён шчыра не разумеў, за што яго судзяць. Пад пастом у сацыяльнай сетцы пра сьмерць супрацоўніка КДБ ён напісаў камэнтары: «У краіне страшней, чым у Самалі» і «Калі б была ў мяне стрэльба і да мяне ламаліся б такія людзі, я б таксама абараняў свой дом, толькі б барыкады зрабіў».