«Найпершы прыярытэт бюджэту-2023 — забесьпячэньне нашай перамогі, таму 43% усіх сродкаў накіроўваем на армію і бясьпеку. Гэта больш як адзін трыльён грыўняў (прыкладна 25 мільярдаў даляраў у эквіваленце. — РС). Велічэзная сума, якая дазволіць забясьпечыць неабходным нашых герояў на фронце», — паведаміў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль у сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго, другім прыярытэтам будзе сацыяльнае забесьпячэньне.
«Пэнсіі, дапамога ўнутрана перамешчаным асобам, субсыдыі, мэдыцына і адукацыя. Сукупна гэта больш за 30% выдаткаў бюджэту», — удакладніў кіраўнік украінскага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: агульныя эканамічныя страты Ўкраіны ад вайны складаюць каля трыльёна даляраўДзяніс Шмыгаль дадаў, што ў межах бюджэту прадугледжваецца стварыць Фонд ліквідацыі наступстваў узброенай агрэсіі Расеі.
«Гэты рэсурс складзе 35 мільярдаў грыўняў (875 мільёнаў даляраў). На падтрыманьне бізнэсу праз фонд разьвіцьця прадпрымальніцтва накіроўваем 16 мільярдаў грыўняў (400 мільёнаў даляраў). Нягледзячы на вайну, урад не плянуе павялічваць падаткі. Пры гэтым скарачаем выдаткі на дзяржаўны апарат больш як на 10 мільярдаў грыўняў (250 мільёнаў даляраў)», — адзначыў прэм’ер-міністар Украіны.
Кіраўнік ураду Ўкраіны дадаў, што ўласныя даходы краіны складуць 1,3 трыльёна грыўняў (32,5 мільярда даляраў), а выдаткі — 2,6 трыльёна даляраў (65 мільярдаў даляраў). Дэфіцыт у 38 мільярдаў даляраў Украіна плянуе кампэнсаваць дзякуючы падтрымцы сваіх міжнародных партнэраў, у тым ліку Эўразьвязу, ЗША і Міжнароднага валютнага фонду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўракамісіі заявілі, што паваеннае аднаўленьне Ўкраіны мае адбывацца ў рамках яе інтэграцыі ў Эўразьвяз