У кастрычніку праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 72 чалавекі — у 1,6 раза больш, чым у верасьні

Акцыя ў падтрымку беларускіх палітычных вязьняў у Празе, кастрычнік 2022.

За кастрычнік 2022 году палітычнымі зьняволенымі прызнана 72 чалавекі (у верасьні — 44, або ў 1,6 раза менш), іх агульная колькасьць на 1 лістапада склала 1353, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» ў штомесячнай справаздачы.

Перасьлед з палітычных матываў праваабаронцы па-ранейшаму расцэньваюць як злачынства супраць чалавечнасьці, піша BPN.

Найбольш частыя абвінавачаньні палітвязьняў: арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369) і распальваньне варожасьці (арт. 130).

За ўдзел у пратэставых акцыях 2020 году ў кастрычніку асуджаныя 34 чалавекі. Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што абвінавачаныя не зьдзяйсьнялі падпалаў і пагромаў, не аказвалі збройнага супраціву, «у іх дзеяньнях няма складу злачынства, якое ставіцца ім у віну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая амністыя — не для палітвязьняў. Чаканьні людзей ня спраўдзіліся», — кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту

Па-ранейшаму ў сьледчым ізалятары ўтрымліваюцца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра рады ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Каардынатар валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк, прыгавораныя да 15 і 6 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна, чакаюць апэляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра «Вясны», кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі і адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі.

У кастрычніку Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзыдэнтам Фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон атрымаў майку з партрэтам Алеся Бяляцкага. ФОТА

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваньнем вызваліць Бяляцкага, а таксама іншых праваабаронцаў, якія цяпер за кратамі.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў месцах пазбаўленьня волі ўтрымліваюцца 32 супрацоўнікі СМІ. У кастрычніку скончыўся разгляд некалькіх знакавых крымінальных спраў прадстаўнікоў мэдыя.

6 кастрычніка ў Менскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд па «справе БелаПАН». Былому намесьніку дырэктара кампаніі і мэдыямэнэджару Андрэю Аляксандраву прысудзілі 14 гадоў калёніі, яго жонцы Ірыне Злобінай — дзевяць, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай — чатыры гады, былому дырэктару Дзьмітрыю Наважылаву — шэсьць гадоў. Прызначаны буйныя штрафы: Аляксандраву — 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў), Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), Наважылаву — 700 базавых (22 400 рублёў ).

26 кастрычніка Менскі гарадзкі суд прыгаварыў рэдактара партала «Ежедневник» Сяргея Сацука да васьмі гадоў калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Сацука, які пісаў пра карупцыю і спрачаўся з Лукашэнкам, асудзілі на 8 гадоў калёніі

На наступны дзень Менскі гарадзкі суд вынес прысуд журналісту Аляксандру Любенчуку — тры гады калёніі.

Усе названыя журналісты прызнаныя палітвязьнямі.

У кастрычніку «Вясьне» стала вядома пра 53 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага перасьледу.

У справаздачы зазначаецца, што «ўлады цынічна эксплюатуюць тэму барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам для апраўданьня рэпрэсій у дачыненьні да пратэстоўцаў і іншадумцаў». Колькасьць грамадзян, прызнаных датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці, павялічылася за месяц з 573 да 1469. За адзін дзень 28 кастрычніка МУС прызнаў «экстрэмістамі» 625 чалавек.

Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў за кастрычнік павялічыўся на 52 пазыцыі, сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў — на шэсьць (да 97).

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, якія застаюцца беспакаранымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 14 гадоў турмы. Агучылі выракі журналістам у «справе БелаПАН»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На зоне рэй вядуць вертухаі і „казлы“. Ломяць людзей на загад адміністрацыі», — былы палітвязень, які прайшоў СІЗА, «хімію» і калёнію