Масква прапануе Ўкраіне перамовы «з улікам новых тэрытарыяльных рэалій». Ёсьць адказ Кіева

Марыя Захарава

Масква далей чакае ад Кіева відавочных сыгналаў аб імкненьні аднавіць перамоўны працэс, заявіла 2 лістапада на брыфінгу прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Па-ранейшаму чакаем ад кіеўскага рэжыму відавочных, недвухсэнсоўных сыгналаў аб сваім імкненьні аднавіць перагаворны працэс з улікам новых тэрытарыяльных рэалій і сытуацыі на зямлі», — сказала Захарава.

Яна таксама ўказала, што «заканадаўча кіеўскі рэжым сам сабе заблякаваў перамовы з Расеяй».

Камэнтуючы чарговыя заявы Масквы аб жаданьні перамоваў, дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Міхаіл Падаляк параўнаў Расею зь «людаманам у казіно, якому пашанцавала некалькі разоў, і ён паверыў у лёс».

«Прапаноўваючы новыя „перамовы“ сёньня (прызнаньне анэксіі), Пуцін хоча адыграцца. На шчасьце, Узброеныя сілы Ўкраіны добра лечаць балючыя залежнасьці», — напісаў чыноўнік у твітэры.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на пачатку кастрычніка сваім указам увёў рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ад 30 верасьня, якое, у прыватнасьці, прадугледжвае немагчымасьць вядзеньня перагавораў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і неабходнасьць узмацненьня абараназдольнасьці Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія Ўкраіны расказала, як рыхтуе Кіеў да магчымага паўторнага наступу арміі РФ