Патрэбныя санкцыі, накіраваныя супраць Лукашэнкі, ягоных чыноўнікаў і сілавікоў, здольныя паралізаваць сыстэму, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта па транзыце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў адкрытым звароце да палітыкаў краін Захаду, які цытуе BPN.
Ён падкрэсьліў, што санкцыі павінны ўводзіцца па прынцыпе прыналежнасьці да дзяржапарату і дзяржструктур. Важна таксама, каб былі заведзеныя публічныя адкрытыя крымінальныя справы на Лукашэнку і ягоных памагатых, сказаў Латушка.
«Вы ніколі ня зможаце быць дастаткова заклапочанымі, каб спыніць вайну ва Ўкраіне і масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Глыбокая заклапочанасьць нічога не мяняе і ніколі не мяняла. У Беларусі ёсьць такі выраз: „Дна няма“. Мы выкарыстоўваем яго, калі ў краіне адбываецца штосьці, што яшчэ ўчора было неймаверна, калі чарговыя дзеяньні Лукашэнкі даказваюць, што жорсткасьці, варʼяцтву, цынізму рэжыму Лукашэнкі проста няма мяжы. Пачуйце мяне: сёньня ў Беларусі дна няма», — заявіў палітык.
На яго думку, калі для захаваньня ўлады трэба «забіваць, катаваць, гвалтаваць і калечыць беларусаў», Лукашэнка «будзе працягваць гэта рабіць», а таксама дазваляць Расеі карыстацца інфраструктурай для нанясеньня ўдараў па Украіне, нават дапусьціць анэксію Беларусі і разьмяшчэньне на яе тэрыторыі расейскай ядзернай зброі.
«Лукашэнка ўжо ўяўляе сабой ваенную пагрозу, але гэтая пагроза можа стаць ядзернай», — сказаў Латушка.
Ён падкрэсьліў, што няздольнасьць у 2020 годзе вырашыць праблему Лукашэнкі прывяла да таго, што Ўладзімір Пуцін змог выкарыстаць яго для акупацыі Беларусі і ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, бо «без Лукашэнкі ніякай вайны магло б і ня быць».
Латушка прывёў прыклады няправільных, на ягоны погляд, рашэньняў краін Захаду: санкцыі прымаліся павольна, з затрымкамі, з выключэньнямі, дыпляматычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі не былі цалкам разарваныя, супраць Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў не заведзеныя крымінальныя справы.
Палітык прапануе падумаць над увядзеньнем супраць «рэжыму Лукашэнкі» тых жа санкцый, што і супраць Расеі, «паставіць дыктатара перад асабістым ультыматумам замест глыбокай заклапочанасьці, узмацніць ціск на Лукашэнку настолькі, каб ён яго ня вытрымаў і быў вымушаны выйсьці з гульні». У адваротным выпадку можа паўтарыцца сытуацыя 2020 году, «калі беларусам, якія пратэстуюць, трэба было дапамагчы ня словамі глыбокай заклапочанасьці, а магутным зьнешнім ціскам на рэжым — і калі гэты момант быў упушчаны».
«Рэжым Беларусі — гэта таталітарная дыктатура на службе ў Расейскай Фэдэрацыі. Я не хачу перакладаць адказнасьць зь беларускага народу на зьнешнія сілы. Не здымаю адказнасьці зь сябе, з Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Але хачу нагадаць, што праблема Лукашэнкі ўжо даўно перарасла межы Беларусі. І цяпер гэта наша агульная адказнасьць. Аднак у нашых заходніх партнэраў пакуль не хапае палітычнай волі выкарыстоўваць у дачыненьні да Лукашэнкі сваю сілу па-сапраўднаму, стратэгіі наконт гэтага няма», — лічыць Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялізныя турэмныя тэрміны, прастрэленыя калені, звальненьні з працы. Што было беларусам, якія адкрыта падтрымалі ЎкраінуЯк улады Беларусі садзейнічаюць Расеі ў нападзе на Ўкраіну
24 лютага з тэрыторыі Беларусі на Кіеў і паўночныя вобласьці Ўкраіны пайшлі калёны расейскага войска. Масавыя ракетныя і авіяцыйныя абстрэлы Ўкраіны адбываліся і з тэрыторыі Беларусі. Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць для атакі на Ўкраіну свае палігоны і аэрадромы.
Аляксандар Лукашэнка выступіў на нарадзе ў пытаньнях бясьпекі раніцай 10 кастрычніка. Там ён заявіў аб прынятым сумесна з Пуціным рашэньні аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Увечары 8 кастрычніка амбасадара Ўкраіны ў Менску Ігара Кізіма запрасілі ў МЗС Беларусі, каб уручыць яму дыпляматычную ноту. У ноце беларускі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна плянуе напад на тэрыторыю Беларусі.
Украінскае МЗС адрэагавала на такія заявы. Там падкрэсьлілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, і назвалі дзеяньні Менску «чарговымі інсынуацыямі рэжыму».
«Мы не выключаем, што ўручэньне дыпляматычнай ноты можа быць часткай пляну РФ па правакацыі і далейшым абвінавачаньні Ўкраіны. Мы заклікаем беларускі народ не паддавацца на правакацыі. Украіна ніколі не замахвалася на чужыя тэрыторыі. Мы строга прытрымліваемся фундамэнтальных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права і Статуту ААН».
З 11 кастрычніка дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь пасьля заявы Лукашэнкі пачаў тэрміновую праверку Ўзброеных сіл.
Праверка мае комплексны характар і ахоплівае найбольш важныя пытаньні праверкі гатоўнасьці да выкананьня задач па прызначэньні, заявілі ў Міністэрстве абароны. У ходзе праверкі вайсковыя часткі і падразьдзяленьні адпрацуюць пытаньні прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць, правядзеньне маршу, разгортваньне ў прызначаных раёнах з выкананьнем вучэбна-баявых задач.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу заявіў, што Беларусь можа апынуцца пад ударамАнтываенны рух у Беларусі
- У лютым 2022 году ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць расейскай ваеннай атакі на Ўкраіну і саўдзелу ў ёй уладаў Беларусі, сотні людзей былі затрыманыя.
- Беларусы псавалі чыгуначнае абсталяваньне падчас перавозу расейскіх сіл па тэрыторыі сваёй краіны, частку ўдзельнікаў такіх дывэрсій сілавікі затрымалі, у тым ліку з прымяненьнем зброі.
- У сакавіку 2022 году Ціханоўская стварыла беларускі Антываенны рух.
- Сярод іншага яна выказалася за дапамогу народу Ўкраіны, супраць якога Расея пачала поўнамаштабную вайну ў лютым 2022 году, асудзіла расейскую агрэсію і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.