35 гадоў таму ў Менску ўпершыню ў найноўшай гісторыі ўшанавалі сьвята Дзядоў. Першыя Дзяды, задуманыя як ушанаваньне памяці ахвяраў сталінскага рэжыму, адбыліся 1 лістапада 1987 году. Іх ладзілі «Тутэйшыя» пры ўдзеле «Талакі». Галоўнымі арганізатарамі былі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс. На мітынг-рэквіем тады прыйшлі каля сотні чалавек.
Тады ўпершыню публічна былі агучаныя імёны беларускіх інтэлектуалаў, найперш літаратараў, у 1930-я гады зьнішчаных камуністычным рэжымам. Якраз на той год прыпаў сумны юбілей — 50-я ўгодкі масавага расстрэлу беларускіх пісьменьнікаў, дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў у 1937 годзе, калі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка, магчыма, у падвалах унутранай турмы НКВД (цяпер КДБ) у Менску, былі забітыя больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты, у тым ліку 22 — літаратары.
З рэпартажу на Радыё Свабода, лістапад 1987:
Your browser doesn’t support HTML5
Сьпіс рэпрэсаваных і расстраляных літаратараў зачытаў пад помнікам Купалу паэт Анатоль Сыс. Перад гэтым ён прачытаў свой верш «Маналёг „тутэйшага“», запіс якога захаваўся ў нашых архівах.
Your browser doesn’t support HTML5
Дзяды 1987 году хоць не былі шматлюднымі, але прайшлі з розгаласам — упершыню публічна на іх выступалі палітыкі, гаварылі пра рэпрэсіі, пра адказнасьць камуністычнай улады за гібель мільёнаў невінаватых людзей. Невыпадкова ў дзяржаўнай прэсе (а іншай легальнай прэсы і не было) зьявіліся разгромныя артыкулы пра акцыю — зрэшты, дзякуючы гэтаму пра Дзяды і пра ўгодкі трагедыі 1937-га даведаліся шматлікія іншыя беларусы.
Your browser doesn’t support HTML5
Наступныя «Дзяды», у 1988 годзе, сабралі ўжо тысячы менчукоў, а іх брутальны разгон падштурхнуў да ўзьнікненьня масавага руху беларускага адраджэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», часопіс «Бурачок» і марш у Курапаты. Нацыянальны рух у Беларусі напярэдадні распаду СССР