Юрыдычная фірма зь Вялікай Брытаніі McCue Jury & Partners заявіла, што падае ў суд пазоў на Прыватную вайсковую кампанію (ПВК) «Вагнэр» і яе заснавальніка Яўгенія Прыгожына за ўдзел у вайне ва Ўкраіне.
«Судовы пазоў заснаваны на незаконных сродках змовы паміж Прыгожыным, „Вагнэрам“ і ваеннай машынай Пуціна з мэтай запалохаць украінскі народ. Мы лічым, што гэта першы выпадак у гісторыі, калі на прыватную вайсковую кампанію падаюць у суд за тэрарызм», — заявілі ў McCue Jury & Partners.
Фінансаваньне гэтай справы будзе праводзіцца праз краўдфандынг. Кампанія McCue Jury & Partners выказвае спадзяваньне, што такія ж справы супраць ПВК «Вагнэр» і Яўгена Прыгожына пачнуцца і ў іншых краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: ПВК «Вагнэр» рэкрутуе зьняволеных зь ВІЧ і гепатытам- ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яго байцы, па зьвестках шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі, Афрыцы і ў вайне ва Ўкраіне.
- ПВК «Вагнэр» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Паводле зьвестак расьсьледніцкай групы Bellingcat, байцы «Вагнэра» маюць дачыненьне да шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле шматлікіх зьвестак, якія зьяўляліся ў расейскіх СМІ ў апошнія месяцы вэрбавалі на вайну ва Ўкраіну і зьняволеных у расейскіх калёніях. Паведамлялася, што прыяжджаў туды асабіста расейскі бізнэсмэн, уладальнік ПВК Яўген Прыгожын, якога лічаць цесна зьвязаным з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Загінулым на вайне ён абяцаў дастойнае пахаваньне. Тым, хто адваяваў паўгода, абяцае памілаваньне, ахвотным — далейшую працу ў ПВК.
- Яўген Прыгожын доўгі час адмаўляў як сваю сувязь з ПВК, так і вэрбаваньне зьняволеных. Аднак напрыканцы верасьня 2022 году ён пацьвердзіў, што зьяўляецца заснавальнікам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Адпаведнае прызнаньне зьмяшчалася ў адказе прэс-службы зьвязанай з Прыгожыным кампаніі «Канкорд на запыт выданьня «Блокнот», апублікаваным у панядзелак, 26 верасьня, у расейскіх інтэрнэт-СМІ. У сваім адказе Прыгожын паведамляе, што стварыў ваенізаванае фармаваньне ў траўні 2014 года для падтрымкі сэпаратыстаў Данбаса.