Тацьцяну Шастак затрымалі а сёмай раніцы 26 кастрычніка, калі яна выходзіла з дому ў Полацку, і даставілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі. Пасьля складаньня пратакола ў яе кватэры сілавікі правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі ўсе дакумэнты з калектыўным зваротам прадпрымальнікаў да старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзьмітрыя Дзямідава і асабісты тэлефон.
У той самы дзень Полацкі раённы суд арыштаваў Шастак на 30 сутак. Сябры і сваякі не змаглі патрапіць на судовае паседжаньне, бо судовы працэс прайшоў раптоўна ў паскораным рэжыме.
Па якім менавіта артыкуле арыштаваная лідэр прадпрымальнікаў, пакуль невядома. У судзе яе мужу адмовіліся паведаміць, у чым абвінавачваюць Тацьцяну.
29 кастрычніка сваякі спрабавалі зрабіць перадачу Тацьцяне ў СІЗА Віцебскага аблвыканкама, дзе яна адбывае арышт. Аднак начальнік СІЗА адмовіўся прымаць ежу без тлумачэньня прычын, але дазволіў перадаць зьняволенай толькі сродкі асабістай гігіены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: затрымалі мэнэджара сеткі «На сувязі» і праваабаронцу Насту Лойку; назвалі яшчэ 625 «экстрэмістаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на пратэсты ІП з прычыны цэнавай палітыкі: трэба стварыць аптовыя пастаўкі ў Беларусь