Пра гэта паведамляе ВВС.
Пасярэднікі збожжавай зьдзелкі — Турэччына і ААН — спадзяюцца на яе працяг і заплянавалі перамовы з Масквой. Крэмль папярэджвае, што безь ягонай згоды экспарт стане «рызыкоўным, небясьпечным і негарантаваным», але ляскаць дзьвярыма пакуль не сьпяшаецца.
Уладзімір Пуцін адправіў войска на заваёву Ўкраіны ў лютым, і да сярэдзіны лета расейскі флёт блякаваў украінскія парты. Каля 20 мільёнаў тон збожжа аказаліся заблякаванымі, цэны на сусьветным рынку вырасьлі, бедныя краіны апынуліся перад пагрозай дэфіцыту харчаваньня. Пры пасярэдніцтве ААН блякаду ўдалося зьняць, і з 1 жніўня Ўкраіна экспартавала больш за 9 мільёнаў тон збожжавых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прыпыніла ўдзел у пагадненьні аб вывазе ўкраінскага збожжаАднак з таго часу сытуацыя на фронце складваецца не на карысьць агрэсара, і Расея церпіць адну няўдачу за другой. У адказ Пуцін распарадзіўся бамбаваць цывільную крытычную інфраструктуру, перш за ўсё электрастанцыі, а ў суботу адмовіўся ад збожжавай зьдзелкі.
Аднак у панядзелак з украінскіх партоў выйшлі яшчэ 12 сухагрузаў з 355 тысячамі тон збожжа, у тым ліку адзін для Сусьветнай харчовай праграмы ААН у Афрыцы. Іншыя накіроўваюцца ў Эгіпет, Альжыр, Турэччыну і Заходнюю Эўропу.
Па ўмовах збожжавай зьдзелкі, усе сухагрузы праходзяць інспэкцыю на рэйдзе ў Стамбуле. У панядзелак яе праводзілі толькі прадстаўнікі ААН і Турэччыны, у той час як звычайна да іх далучаліся інспэктары з РФ і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледаваньне Associated Press і Frontline: Расея зарабіла на продажы выкрадзенага ва Ўкраіне збожжа паўмільярда даляраўПрэзыдэнт Турэчыыны Рэджэп Эрдаган сказаў, што працягне выконваць сваю частку пагадненьня.
«Сумеснымі намаганьнямі мы зьмякчылі сусьветны харчовы крызіс, — сказаў ён у панядзелак. — І нават калі Расія цяпер паводзіць сябе нерашуча, таму што ёй угода не прынесла такой жа карысьці, мы працягнем прыкладаць рашучыя намаганьні ў інтарэсах усяго чалавецтва».
Ня ўсё страчана
Крэмль пацьвердзіў, што кантакты працягваюцца. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у адказ на пытаньне расейскіх агенцтваў аб магчымасьці працягу экспарту збожжа з Украіны без удзелу Расеі адказаў:
«Ва ўмовах, калі Расея кажа аб немагчымасьці гарантаваць бясьпеку суднаходства ў названых раёнах, такая ўгода наўрад ці рэалізуецца, і яна набывае іншы характар: значна больш рызыкоўны, небясьпечны і негарантаваны», — цытуе Пяскова Інтэрфакс.
А на пытаньне, ці спыненая збожжавая ўгода канчаткова, сказаў:
«Па лініі дыпляматычнага і іншых ведамстваў працягваюцца кантакты з турэцкім бокам, а таксама з ААН».
Эўразьвяз — найбуйнейшы партнэр Украіны, даўно спрабуе пашырыць гандаль праз сухапутную мяжу, аднак морам усё роўна больш выгадна.
«Расея павінная вярнуцца ў пагадненьне і забясьпечыць марскія гуманітарныя калідоры для паставак ежы сьвету, — заявіла ў панядзелак Эўракамісія. — Выхад Расеі з угоды ставіць пад пагрозу галоўны маршрут экспарту збожжа і ўгнаеньняў, гэтак неабходных для барацьбы з харчовым крызісам, выкліканым вайной Расеі супраць Украіны».
ЭЗ паабяцаў працягваць пашыраць рачныя, чыгуначныя і аўтамабільныя маршруты экспарту з Украіны. З траўня па іх было пастаўлена не менш як 14 мільёнаў тон сельскагаспадарчай прадукцыі, паведаміла Эўракамісія.