Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: 3 гады ў «справе Зельцара»; музыкам Tor Band і праваабаронцы Лойцы па 15 содняў

Берасьцейскі абласны суд

У Беларусі працягваюцца суды за камэнтары ў інтэрнэце. Апошні дзень кастрычніка выключэньнем ня стаў.

Тры гады ў «справе Зельцара»

У Берасьцейскім абласным судзе 26 кастрычніка асудзілі Аляксея Іванова паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская.

Іванова затрымалі 11 кастрычніка 2021-га ў крымінальнай справе за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

Як паведамляе «Берасьцейская Вясна», са жніўня 2022 году Аляксей утрымліваецца ў Берасьцейскім СІЗА № 7. Прапісаны ён у Горадні, але доўгі час жыў у Менску.

26 кастрычніка судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прызнала Аляксея Іванова вінаватым паводле абодвух артыкулаў і прысудзіла яму пакараньне тэрмінам 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 3200 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валянтэра з Гомля Міронава асудзілі і адпусьцілі, бо ён адседзеў свой тэрмін

Год турмы за 10 камэнтароў

У судзе Маладачанскага раёну 31 кастрычніка асудзілі Ігара Беланожку паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядаў судзьдзя Вадзім Петрусевіч. Дзяржабвінаваўцам выступіў памочнік пракурора Валер Пяркоўскі.

Ігара затрымалі па ананімным даносе ў міліцыю пра «абразьлівыя» камэнтары. Ён пад вартай з 25 жніўня. Яму паставілі ў віну дзесяць камэнтароў у «Аднаклясьніках» пад публікацыямі, а таксама на сваёй старонцы. Пракурор запрасіў для Беланожкі пакараньне тэрмінам 3 гады калёніі. Падсудны раскаяўся і прызнаў сваю віну.

31 кастрычніка Вадзім Петрусевіч прызнаў Ігара Беланожку вінаватым і прысудзіў пакараньне тэрмінам 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ігару Беланожку 40 гадоў. Ён ураджэнец Валожына, жыве ў Маладэчне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: мянчанку асудзілі за абразу ўчастковага, пінчука — за камэнтары пра міліцыянтаў

Затрыманьне за акцыю салідарнасьці

У Сьледчым камітэце менавіта як крымінальнае дзеяньне, «злоснае хуліганства», кваліфікавалі вывешваньне на лініі электраперадач у Маскоўскім раёне Менску нацыянальнага беларускага бел-чырвона-белага сьцяга і сьцяга Ўкраіны.

У справе сілавікі затрымалі шэсьць чалавек. Гэта жыхары Менску ва ўзросьце ад 34 да 36 гадоў. Ім пагражае да 6 гадоў калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За акцыю салідарнасьці з Украінай на шасьцёх менчукоў завялі крымінальную справу. ФОТА

Стала вядома пра затрыманьне палітвязьня Яўгена Пака

Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне Пака можа быць зьвязана з масавымі затрыманьнямі, якія прайшлі ўчора ва ўстановах адкрытага тыпу, так званых «хіміях».

Яўген быў асуджаны па арт. 368 КК на 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі за відэа ў TikTok.

Пакараньне ён адбываў у менскім ПУАТ-36. Яго статус і месцазнаходжаньне на дадзены момант удакладняюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамляюць аб «зачыстцы» сярод асуджаных на «хімію»

Затрыманым удзельнікам гурту Tor Band прысудзілі па 15 сутак арышту

Усіх утрымлівалі ў рагачоўскім ІЧУ, і, хутчэй за ўсё, яны будуць адбываць пакараньне менавіта там, піша «Вясна».

Ганьне Музыцы таксама далі 15 содняў. Суд у Юліі Галавач будзе пасьля абеду. Яшчэ адна дзяўчына цяпер у Жлобіне — як пакаралі яе, пакуль невядома. Праваабаронцы даведаліся, што яе адправілі ў Жлобін, бо ў Рагачове толькі два жаночыя месцы ў ІЧУ.

Пасьля затрыманьня музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў іх кліпах. У асноўным гэта рагачоўцы. Па словах сьведак, пакуль усё абыходзіцца гутаркамі і пагрозамі наконт адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 кастрычніка: у Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурту Tor band разам з жонкамі

Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі

Лойцы прысудзілі чарговы арышт у 15 содняў, піша Human Constanta.

Яе абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 19.1 КаАП. Рашэньне вынес суд Першамайскага раёну Менску.