Польская штодзёнка «Gazeta Wyborcza» апублікавала дэталі візыту ў Горадню падляскага фэрмэра Кшыштафа Талвіньскага. Зь ім сустракалася начальства гарадзенскай вобласьці, а мясцовы дзяржаўны тэлеканал назваў «кіраўніком дэлегацыі Падляскага ваяводзтва».
Талвіньскі мае на Падляшшы ўласную фэрму, займаецца вытворчасьцю малака. У сярэдзіне 2000-х быў віцэ-маршалкам Падляскага ваяводзтва. Пасьля гэтага зьмяніў некалькі партый і беспасьпяхова балятаваўся ў Сэйм. Апошнія некалькі гадоў ён быў зьвязаны з нацыяналістычнай і антыэўрапейскай кааліцыяй Konfederacja. У красавіку Талвіньскі абвясьціў, што стварае ўласную партыю Front. На старонцы партыі ў Фэйсбуку менш за 150 падпісчыкаў, яна ў працэсе рэгістрацыі.
У Горадні Талвінскага прымаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Віталь Нявера. Яны размаўлялі, між іншым, наконт энэргетычнай бясьпекі, у тым ліку аб працы атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Гарадзенскі дзяржаўны тэлеканал паказаў сюжэт пра візыт Тальвінскага, назваўшы яго «кіраўніком дэлегацыі Падляскага ваяводзтва». Але хто апрача яго быў у дэлегацыі — не паведамлялася. Паводле аўтараў сюжэту, у Горадні Талвінскі размаўляў з уладамі пра «харчовую бясьпеку».
Напярэдадні візыту ў Беларусь Кшыштаф Талвіньскі напісаў на адным з сайтаў, што ў яго дэлегацыю ўваходзіць тры асобы, «але мы — голас мільёнаў палякаў». Падчас візыту ў Горадзенскую вобласьць Талвіньскі заявіў, што Беларусь «зьяўляецца адной з найлепш кіраваных краін», а Лукашэнка — «дзяржаўны дзеяч, сапраўдны палітык».
Талвінскі наведваў Беларусь у жніўні. Тады падчас візыту ў Ваўкавыскі раён ён называў сябе прадстаўніком дэлегацыі «ад імя падляскага самакіраваньня». Разам з Талвінскім Беларусь тады наведаў Арвід Плівачэўскі з пракрамлёўскага фармаваньня «Zadrużny Krąg — Славянскі аддзел» і пракрамлёўскай грамадзка-палітычнай арганізацыі Rusov Polska, якая ўваходзіць у міжнародную структуру Rusov, якая «накіраваная на аб’яднаньне славянскіх земляў». Сядзіба гэтай арганізацыі знаходзіцца ў Севастопалі.
Аднак пасьля гэтага візыту маршалак Падляшша Артур Касіцкі адмаўляў, што дэлегацыя на чале з Талвінскім прадстаўляла самакіраваньне ваяводзтва. Ён заявіў, што такія сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў Рэспублікі Беларусь «шкодзяць іміджу Падляскага ваяводзтва і, шырэй, польскім інтарэсам», праінфармаваўшы пра гэты «шакуючы выпадак» МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» прадставіў свой доказ перамогі Лукашэнкі на выбарах 2020 году