У якасьці аргумэнта Жук прывёў сустрэчы высокапастаўленых лукашэнкаўскіх сілавікоў на дзяржаўных прадпрыемствах.
«Прэзыдэнт (так Жук называў Аляксандра Лукашэнку — РС) накіроўвае найвышэйшых службовых асобаў сілавога блёку Беларусі да людзей, расказваць пра рэальныя небясьпекі і пагрозы. І пры гэтым увогуле не баіцца, што абураныя гэтым людзі выйдуць не нейкія палітычныя мітынгі ці яшчэ нешта. А чаму? Бо гэта элемэнт даверу. І гэты элемэнт даверу падкрэсьлівае тое, што рэальнасьць выбараў 2020 году ў тым, што большасьць грамадзтва падтрымала». — сказаў Дзьмітры Жук у эфіры перадачы «Клюб рэдактараў».
Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі пачалася найбуйнейшая за гады незалежнасьці хваля палітычных рэпрэсіяў. Дзясяткі тысяч грамадзян былі асуджаныя ў адміністрацыйных працэсах, тысячы сталі фігурантамі крымінальных справах, сотні тысяч пакінулі краіну.
На дадзены момант, паводле праваабаронцаў, у беларускіх турмах знаходзіцца 1334 чалавекі, прызнаныя палітвязьнямі. У краіне ліквідавалі сотні недзяржаўных арганізацый і СМІ. Падчас судовых працэсах беларусаў караюць за выказваньне меркаваньня ў форме лайка ў сацыяльных сетках або камэнтара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які ставіў «лайкі» пад антываеннымі пастамі