Пра гэта паведамляе амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA.
Трохмерныя слупы выглядаюць як велічныя скальныя ўтварэньні. Гэтыя слупы складаюцца з халоднага міжзоркавага газу і пылу, якія часам здаюцца напаўпразрыстымі ў блізкім інфрачырвоным сьвятле. Каб праляцець скрозь гэтыя слупы, спатрэбяцца гады — нават калі ляцець з хуткасьцю сьвятла.
Новы здымак дапаможа дасьледчыкам абнавіць свае мадэлі зоркаўтварэньня. З часам яны пачнуць лепш разумець, як зоркі фармуюцца і вырываюцца з гэтых пыльных аблокаў на працягу мільёнаў гадоў.
Як піша ВВС, на здымку, апрацаваным на гэтым тыдні, навукоўцы могуць падрабязна разгледзець зону, дзе актыўна ідзе працэс фармаваньня першых зорак — так званыя «зорныя ясьлі», — захаваную ў сярэднім інфрачырвоным дыяпазоне.
Аналягічнае фота «слупоў», зробленае ў блізкім ІЧ-дыяпазоне, апублікавалі яшчэ на мінулым тыдні. І здымкі ашаламляльна адрозьніваюцца адзін ад аднаго.
«Слупы тварэньня» разьмешчаныя ад нас на адлегласьці каля 6500 сьветлавых гадоў — у цэнтры актыўнай вобласьці, вядомай астраномам як туманнасьць Арла. Менавіта туды зараз накіраваная большасьць тэлескопаў сьвету: навукоўцы спрабуюць лепш зразумець фізычныя і хімічныя працэсы, што запускаюць тэрмаядзерную рэакцыю, у выніку якой з аблокаў газу і касьмічнага пылу раптам успыхвае сьвяціла, якое паводле памеру можа быць у дзясяткі разоў больш і цяжэй за нашае Сонца.
«Джэймс Уэб», асноўнае люстэрка якога мае ў дыямэтры 6,5 мэтраў і ўсеянае высокачульлівымі сэнсарамі — самы прыдатны прыбор для назіраньня за гэтым працэсам.
А вось такі здымак быў апублікаваны NASA 19 кастрычніка:
«Мы чакалі, што сярэдні інфрачырвоны дыяпазон дазволіць нам зазірнуць за пылавую заслону, аднак гэты надзвычайны новы здымак паказвае, што хвалі, злоўленыя ў тым жа дыяпазоне, выдатна падыходзяць і для вывучэньня самога пылу і складаных малекул, якія адлюстроўваюць спапяляючае сьвятло распаленых новых зорак, якія ўспыхнулі паблізу», — тлумачыць прафэсар Марк Макарыян, які кансультуе Эўрапейскае касьмічнае агенцтва ў навуковых пытаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA даслала ў космас найвялікшы тэлескоп