Хроніка перасьледу 29 кастрычніка: у Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурту Tor band разам з жонкамі

Канцэрт Tor band, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У Рагачове затрымалі гурт Tor band

29 кастрычніка праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што напярэдадні ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band. Паводле папряэдняй інфармацыі, затрымана шэсьць чалавек — гэта музыкі і іх жонкі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя знаходзяцца ў жлобінскім ІЧУ — ім прызначылі па 15 дзён арышту, папярэдне — паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасылку паведамленняў з іх.

Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песьні «Мы — не „народец“», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

На былога палітвязьня Змітра Фурманава завялі новую крымінальную справу

Гэтым разам справу супраць Зьмітра Фурманава завялі за «абразу прадстаўнікоў улады» (паводле 369 КК РБ). Нагодай сталі камэнтары пра начальніка рэжымнага аддзелу папраўчай калёніі № 3 Сяргея Кібіка і і начальніка папраўчай калёніі № 3 Аляксея Старавойтава. У бацькоў Фурманава правялі ператрус. Пра гэта сам Зьміцер паведаміў у Twitter.

Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня 2020 году падчас пікету па зборы подпісаў за кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую. Пазьней яго асудзілі да двух гадоў калёніі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

21 кастрычніка 2021 году палітвязень выйшаў на волю і зьехаў зь Беларусі.

У затрыманай праваабаронцы Насты Лойкі дома адбыўся ператрус

Насту Лойку затрымалі ўчора. Стала вядома, што ў яе дома сілавікі правялі ператрус. Паводле інфармацыі праўладных тэлеграм-каналаў, яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 кастрычніка: затрымалі мэнэджара сеткі «На сувязі» і праваабаронцу Насту Лойку; назвалі яшчэ 625 «экстрэмістаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 кастрычніка: затрымалі супрацоўніка банку БелВЭБ і лекара-кардыёляга