Беларусь дэнансавала факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Адпаведны закон, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, 29 кастрычніка апублікаваны на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Закон дэнансуе факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 сьнежня 1966 году. Таксама, згодна з законам, страчвае сілу пастанова Вярхоўнага Савета ад 10 студзеня 1992 году, якой Беларусь гэты факультатыўны пратакол ратыфікавала. Закон уступае ў сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня.
На практыцы гэта азначае, што грамадзяне Беларусі больш ня змогуць зьвяртацца са скаргамі наконт парушэньня сваіх правоў у Камітэт па правах чалавека ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў дэнансавала пратакол аб падачы скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН. Што гэта значыць для беларусаўФакультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — гэта міжнародная дамова, якая ўстанаўлівае мэханізм падачы індывідуальных скаргаў у адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з дамовай, краіны-ўдзельніцы пратаколу згаджаюцца прызнаць кампэтэнцыю Камітэту ААН па правах чалавека разглядаць скаргі ад асобаў, якія сьцьвярджаюць, што іх правы былі парушаныя.
Беларусь ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах 19 студзеня 1992 году, ён набыў моц 30 сьнежня таго ж году.
Сам пратакол міжнародная супольнасьць прыняла ў 1966 годзе. У дамове 35 бакоў, якія яе падпісалі, і 116 дзяржаў-удзельніц. За ўсю гісторыю дамовы толькі дзьве дзяржавы, якія ратыфікавалі яго, затым дэнансавалі пратакол — Ямайка і Трынідад і Табага. Беларусь, такім чынам, стала першай эўрапейскай дзяржавай, якая выйшла з дамовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў спэцдакладчыкам ААН паведамленьне пра катаваньне падсудных у «справе Аўтуховіча»У Камітэт па правах чалавека ААН грамадзяне могуць зьвяртацца, калі іх магчымасьці абараніць свае правы ў рамках інструмэнтаў сваёй дзяржавы вычарпаныя. КПЧ можа канстатаваць парушэньне правоў і ўказаць дзяржаве, што правы пацярпелага павінны быць адноўленыя.
Зварот у КПЧ ААН заставаўся для беларусаў адным з нямногіх інструмэнтаў прамой абароны сваіх правоў.
За ўвесь час грамадзяне краіны падалі ў Камітэт больш за 200 скаргаў. Звычайна тэмы скаргаў былі падобныя — парушэньні дзяржавай правоў грамадзян на пратэст, свабоду сходаў, свабоды слова, асацыяцыяў. Але былі, вядома, і іншыя скаргі. Аднак урад у Менску гэтыя рашэньні, калі ў ААН прызнаваліся за дзяржавай парушэньні, проста не выконваў, бо не лічыў гэта сваім абавязкам. І ў гэтым сэнсе, па вялікім рахунку, зьменіцца няшмат. Фактычна і раней абарона не працавала, а зараз яе ня будзе ўжо юрыдычна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі