На пасяджэньні, у якім узялі ўдзел лідэры шасьці краінаў-чальцоў арганізацыі, абмяркоўвалі канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.
Генэральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась даў справаздачу аб сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы, падрыхтаваную місіяй АДКБ, накіраванай у Армэнію 15 верасьня. У справаздачы падзеі 13 верасьня прадстаўленыя як эскаляцыя на армяна-азэрбайджанскай мяжы, без узгадаваньня таго, які бок пачаў баявыя дзеяньні.
У паведамленьні ўраду Армэніі гаворыцца, што ў справаздачы генэральнага сакратара АДКБ у значнай ступені выяўленыя існыя рэаліі, у прыватнасьці, факт уварваньня азэрбайджанскіх падразьдзяленьняў на сувэрэнную тэрыторыю Армэніі і небясьпека яго паўтарэньня, а таксама неабходнасьць таго, каб азэрбайджанскія сілы вярнуліся на зыходныя пазыцыі.
Паводле сайта армянскага ўраду, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян казаў пра чаканьні Армэніі ад АДКБ: «Ёсьць дакладныя чаканьні, што, па-першае, АДКБ дасьць пэўную палітычную ацэнку здарэньня і, па-другое, прыме дарожную мапу па аднаўленьні тэрытарыяльнай цэласнасьці Армэніі».
На гэтую заяву падчас пасяджэньня Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ рэзка адрэагаваў Аляксандар Лукашэнка.
«Вы што, ня ведаеце нашу пазыцыю? Мы хочам, каб паміж дзьвюма суседнімі дзяржавамі канфлікт быў урэгуляваны мірным шляхам», — сказаў Лукашэнка.
Ён пракамэнтаваў і другое пытаньне, узьнятае Пашыньянам: «Якую дарожную мапу? Я вам на гэта адразу адказваю: сядзьце з Ільхамам Аліевым, калі трэба — папрасіце прэзыдэнта Расеі, і прыміце рашэньне. Ня прымеце сёньня — будзе ж горш, вы самі разумееце. Нам не патрэбны гэты канфлікт. Вось вы два пытаньні паставілі, яны больш чым дзіўныя, Нікол Ваваевіч».
Лукашэнка таксама выказаўся наконт збройнага канфлікту ў Нагорным Карабаху: «Хлопцы, вы за што ваюеце? Вы за што ваюеце ў гэтых гарах на 2 тысячы кілямэтраў вышынёй? Загубілі тры сотні чалавек, тры сотні чалавек загінула — там, дзе людзі не жывуць, дзе нават козы ня ходзяць. Чаго вы ваюеце? Сядзьце вы ўдвох, дамоўцеся, і хай Расея асьвяціць гэтую дамову. Але вы ж ня хочаце. Нейкая тут гульня».
Як адзначае «Наша ніва», для Армэніі ўвесь сэнс знаходжаньня ў АДКБ і іншых постсавецкіх інтэграцыйных структурах, абʼяднаных вакол Расеі, — выключна спадзяваньне на тое, што Расея разам зь іншымі чальцамі АДКБ, калі што, дапаможа ёй і абароніць у выпадку абвастрэньня канфлікту з Азэрбайджанам за Нагорны Карабах, які цягнецца ўжо больш за 30 гадоў.
І калі Расея ў гэтай дапамозе адкрыта адмаўляе — а Лукашэнка яўна выказвае ня толькі сваю ўласную пазыцыю — то ад армянскага кіраўніцтва можна чакаць геапалітычнай пераарыентацыі, адзначае выданьне.