Ён зьвярнуўся да немцаў з заклікам згуртавацца і даказаць, што грамадзяне Нямеччыны здольныя вытрымаць самыя жорсткія часы і выстаяць у пэрыяд найцяжэйшых крызісаў.
Прэзыдэнт Нямеччыны заявіў, што «жорсткая захопніцкая вайна» Расеі супраць Украіны раструшчыла эўрапейскую архітэктуру бясьпекі. Штайнмаер, якому яго апанэнты ставяць у віну шматгадовыя намаганьні наладзіць супрацоўніцтва з Расеяй, выразна выказаў сваё меркаваньне пра Ўладзіміра Пуціна: «У сваім імпэрскім варʼяцтве расейскі прэзыдэнт парушыў міжнароднае права, паставіў пад пытаньне межы, пачаў захоп тэрыторый». Штайнмаер падкрэсьліў, што сваім нападам на Ўкраіну Расея зьвяла на нішто ўсе ўрокі, якія сьвет вынес зь дзьвюх сусьветных войнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штайнмаер паабяцаў шэфства па аднаўленьні разбураных Расеяй гарадоў Украіны. Падчас паветранай трывогі ён хаваўся ў бамбасховішчыЦяпер сьвет, паводле прэзыдэнта Нямеччыны, знаходзіцца ў «фазе канфрантацыі». «Мірныя дывідэнды ўжо патрачаныя», — падкрэсьліў Штайнмаер, адзначыўшы, што для Нямеччыны пачынаецца складаная эпоха. Бо пуцінскі «напад на права, на прынцыпы адмовы ад гвалту і недатыкальнасьць межаў — гэта таксама напад на ўсё, за што выступаюць немцы».
Зьвяртаючыся да скептыкаў у некаторых пластах нямецкага грамадзтва, перш за ўсё на ўсходзе краіны, Штайнмаер падкрэсьліў, што Нямеччына ня можа заставацца ў бязьдзейнасьці, таму Эўразьвяз мае ўводзіць санкцыі, нягледзячы на вялікія страты. Паводле яго, Нямеччына ня можа быць трэцім бокам у гэтым канфлікце.
Нямеччына прыкладае ўсе намаганьні для пошукаў дыпляматычных рашэньняў, дадаў ён. Тым ня менш перад абліччам зла добрая воля недастатковая, адзначыў Штайнмаер. Бо інакш, паводле яго слоў, нельга назваць «подлыя і чалавеканенавісьніцкія расейскія атакі апошніх васьмі месяцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Саюзьнікі Нямеччыны ў Эўропе турбуюцца з нагоды яе пазыцыі па Ўкраіне і энэргетыцыМір, па словах Штайнмаера, ня можа быць дасягнуты на падставе адмовы ад тэрыторый. «Для многіх людзей ва Ўкраіне перадача іх на водкуп расейскім акупантам азначала б перамогу зла», — падкрэсьліў прэзыдэнт Нямеччыны, які некалькі дзён таму наведаў Украіну.
Штайнмаер зьвярнуўся да жыхароў краіны, якія «адчуваюць сваю сувязь з Расеяй і любяць расейскую музыку і літаратуру». Прэзыдэнт, які прызначыў сваёй прэсавай сакратаркай журналістку, якая вырасла ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, рашуча заявіў: «Цяпер пры поглядзе на Расею не застаецца месца для рамантыкі. Нашы краіны сёньня супрацьстаяць адна адной».
Тым самым кіраўнік нямецкай дзяржавы ўпершыню выразна заявіў аб тым, што Расейская Фэдэрацыя і Нямеччына больш не партнэры. Штайнмаер абазначыў тое, што не наважваліся сказаць многія палітыкі раней: дзьве краіны цяпер па розныя бакі фронту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 памылкі шматгадовай палітыкі: Нямецкія сацыял-дэмакраты кардынальна пераглядаюць свой падыход да РасеіЗьвяртаючыся да суграмадзян, Штайнмаер падкрэсьліў, што Нямеччыну чакаюць «цяжкія, складаныя гады». Сваю прамову прэзыдэнт, аднак, скончыў у аптымістычным тоне, акрэсьліўшы пятнаццацігадовую пэрспэктыву: «Праз два гады мы хочам сказаць, што мы пераадолелі эканамічны спад. Мы хочам празь пяць гадоў сказаць: ня толькі Ўкраіна абараніла свой сувэрэнітэт, мы таксама не павінны баяцца новых войнаў у Эўропе. Мы хочам празь дзесяць гадоў сказаць: мы ўтрымалі грамадзтва ад распаду, і большасьць захавала веру ў дэмакратыю. Мы хочам праз 15 гадоў сказаць: нягледзячы на вайну і крызіс, мы гарантавалі для будучых пакаленьняў добрае жыцьцё на нашай плянэце».