Першую крымінальную справу на блогера Савіна завялі яшчэ ў 2016 годзе, калі ён рабіў тэлепраект разам з каналам АНТ. Паводле матэрыялаў справы, ён паабяцаў больш як 100 людзям удзел у рэаліці-шоў, узяў зь іх грошы, але абяцаньняў так і ня выканаў і схаваўся ў Расеі. Савіну прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства ў буйным памеры).
Пасьля крымінальную справу закрылі, але пасьля жніўня 2020 году раптоўна аднавілі, дадаўшы яшчэ і «палітычны» артыкул 342 КК аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Паводле абвінавачаньня, Уладзіслаў Савін удзельнічаў у некалькіх акцыях пратэсту, дзе выкрыкваў лёзунгі, блякаваў транспарт шляхам выхаду на праезную частку. Таксама ён нібыта публікаваў відэаролікі і пасты з заклікамі прыйсьці на маршы пратэсту.
Блогера затрымалі 8 красавіка 2021 году, 30 сакавіка 2022 году Заводзкі суд Менску па двух артыкулах асудзіў яго на восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 сакавіка: блогера і прадусара Савіна асудзілі на 8 гадоў калёніі, у тым ліку за ўдзел у Маршах пратэсту25 і 26 кастрычніка ў Баранавіцкім судзе разгледзелі новую крымінальную справу супраць Савіна. Гэтым разам — па ч. 1 арт. 368 КК: паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён публічна абразіў Лукашэнку.
Як заявіў тэлерадыёкампаніі «Брэст» пракурор, нібыта Савін, «знаходзячыся ў СІЗА № 6, напісаў апэляцыйную скаргу, якая ўтрымлівае непрыстойнае выказваньне абразьлівага характару ў дачыненьні да Лукашэнкі, пасьля чаго, разьлічваючы на азнаямленьне зь ёй шырокага кола асоб, перадаў супрацоўнікам адміністрацыі для далейшага накіраваньня ў Менскі гарадзкі суд».
У чым канкрэтна палягала абраза Лукашэнкі, не паведамляецца.
Судзьдзя Вікторыя Пакунова прызнала Савіна вінаватым і прызначыла яшчэ два гады калёніі, паведамляюць праваабаронцы. Сумарна, з улікам неадбытага пакараньня, яму застанецца правесьці ў зьняволеньні 7,5 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 кастрычніка: затрымалі супрацоўніка банку БелВЭБ і лекара-кардыёляга