КДБ заявіў, што спыніў дзейнасьць «агента ўкраінскіх спэцслужбаў», грамадзяніна Беларусі, які працяглы час праслужыў ва ўзброеных сілах, паведамляе тэлеканал «Беларусь-1».
«Пра сэрыю гучных затрыманьняў напярэдадні журналістам расказаў старшыня Камітэта дзяржбясьпекі Іван Тэртэль. На гэты раз гаворка пра чалавека, які зьехаў пасьля 2020 года ў Ташкент. Пасьля ён нібыта быў завэрбаваны СБУ і пачаў дзяліцца з украінскімі спэцслужбамі інфармацыяй аб перамяшчэньні і дысьлякацыі войскаў, складзе сіл спэцапэрацый і многім іншым. Абвінавачаны зьяўляецца тапографам высокай клясы і ў свой час меў доступ да дзяржаўных сакрэтаў», — гаворыцца ў сюжэце.
Цяпер яго ўзялі пад варту і завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Здрада дзяржаве».
Раней кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль расказваў, што «спэцслужбы затрымалі ўкраінскага шпіёна» Паўла Купрыенку і двух завэрбаваных ім беларусаў — Тараса Мачынскага і Зьмітра Салавянчыка.
Паведамлялася, што ў дачыненьні да Купрыенкі распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «Агентурная дзейнасьць», які прадугледжвае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Салавянчыка і Мачынскага падазраюць у здрадзе дзяржаве, за што прадугледжана да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Свабода зьвярнулася ў СБУ па камэнтар гэтай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты пра кантроль беларускага інтэрнэту: «„Алісу“ ад „Яндэкс“ цяпер будуць слухаць ня толькі супрацоўнікі ФСБ, але і КДБ» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У эфіры «Беларусь-1» назвалі імёны «ўкраінскага шпіёна» і нібыта «завэрбаваных ім беларусаў»