Як паведамляе тэлеграм-канал «Мотолько помоги», на тэхнічныя работы пайшлі сайты «Мегатоп», «Марко», «Белвест», «Мила», «Шатэ-М» і іншыя.
Журналісты «Нашай Нівы» высьветлілі, што ў «Мегатопе» не працуюць і фізычныя крамы сеткі. Так, у краме ў Сьветлагорску паведамілі, што распараджэньне закрыцца паступіла зь Менску. Ці адкрыюцца крамы заўтра — прадаўцы ня ведаюць, а на гарачай лініі сказалі, што адновяць працу найбліжэйшым часам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІП у Баранавічах і Горадні закрылі гандлёвыя пункты праз палітыку цэнаўтварэньня; падобныя зьвесткі ёсьць і зь іншых гарадоўНамаганьні ўладаў кантраляваць усе цэны і арышты прадстаўнікоў бізнэсу прывялі да таго, што ў Баранавічах і Горадні пачалі зачыняцца гандлёвыя павільёны. Таксама такія паведамленьні паступаюць зь іншых гарадоў Беларусі.
- Падчас нарады з эканамічным блёкам ураду 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка забараніў падымаць цэны. У той жа дзень урад прыняў пастанову аб забароне росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад абавязаў юрыдычных асоб усіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы, не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».
- Пасьля забароны росту цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і «цьвёрдую рэакцыю» аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся ня толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.
- Пасьля гэтага крымінальныя справы за павышэньне цэнаў завялі супраць дзясяткаў чалавек. У Баранавічах пад крымінальную справу трапіў намесьнік дырэктара гандлёвага аб’екта, які падвысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. Арышты і затрыманьні пракаціліся па іншых гарадах.