Сэнат Казахстану ўхваліў законапраект аб амністыі затрыманых падчас студзеньскіх пратэстаў

Алматы, студзень 2022 году

Сэнат Казахстану ўхваліў законапраект аб амністыі людзей, якія былі затрыманыя і арыштаваныя падчас масавых пратэстаў у студзені 2022 году. Пра гэта паведамляе Казаская служба Радыё Свабода. Па заявах распрацоўнікаў законапраекту, амністыя можа закрануць каля паўтары тысячы чалавек.

Па дадзеных дэпутатаў сэнату, на сёньняшні дзень па студзеньскіх падзеях асуджаныя 1112 чалавек, зь іх у дачыненьні да 128 вынесены прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі. Пасьля прыняцьця закону з турмаў плянуюць вызваліць каля ста чалавек, заявіў сэнатар Уладзімір Волкаў.

Праваабаронцы неаднаразова выказвалі апасеньні, што ўлады могуць выкарыстоўваць амністыю, каб адвесьці ад адказнасьці супрацоўнікаў сілавых структур, якія стралялі ў мірных грамадзян і катавалі затрыманых.

У студзені ў шэрагу гарадоў Казахстану прайшла сэрыя палітычных пратэстаў, якая перарасла ў сутыкненьні ўдзельнікаў з прадстаўнікамі ўлад. Улады на некалькі дзён страцілі кантроль над некалькімі гарадамі, у тым ліку над найбуйнейшым горадам краіны Алматы.

Па афіцыйных дадзеных, падчас студзеньскіх падзей у Казахстане загінулі 238 чалавек, большасьць якіх — цывільныя асобы. Шэсьць чалавек з гэтага ліку памерлі пад вартай — ад катаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Алеся Любенчука асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскі драматург ініцыяваў кампанію за вызваленьне беларускай палітзьняволенай