На працягу вайны Служба бясьпекі Ўкраіны ўжо ўручыла прадстаўнікам УПЦ Маскоўскага патрыярхату 33 падазрэньні ў дапамозе Расеі. Сярод іх ёсьць і агенты для збору інфармацыі, і карэктавальнікі агню.
Пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў кіраўніка СБУ Васіль Малюк, перадае «Інтэрфакс-Украіна».
Ён адзначыў, што, хоць пагрозы варожага ўплыву на УПЦ МП ёсьць, СБУ можа на гэта ўзьдзейнічаць і своечасова такія правапарушэньні дакумэнтаваць.
Малюк дадаў, што асяродзьдзе УПЦ МП ёсьць ідэальным полем для варожай рэзыдэнтуры, таму СБУ на гэтым кірунку імкнецца працаваць якасна.
У прыватнасьці, кіраўнік СБУ ўзгадаў затрыманьне ў Віньніцкай вобласьці сьвятара, былога аднагрупніка патрыярха Кірыла, які пастаянна камунікаваў з ФСБ. Наконт яго ўкраінскія праваахоўнікі знайшлі адпаведныя пацьвярджальныя матэрыялы, у прыватнасьці перапіску ў мэсэнджарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: тэракт у Аленаўцы ўчынілі расейцы з рэактыўных агнямётаў «Чмель», тады загінулі 50 украінскіх палонных