Апублікаваныя ў тэлеграм-каналах спадарожнікавыя фота са «зьменамі мясцовасьці» ў гэтым раёне — усяго толькі вынік перамяшчэньня беларускіх памежнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Пра гэта піша газета Хойніцкага райвыканкаму «Хойніцкія навіны».
Выданьне заявіла, што апублікаваная «ў некалькіх дэструктыўных тэлеграм-каналах» інфармацыя аб запуску дронаў-камікадзэ зь беларускай чарнобыльскай зоны не адпавядае рэчаіснасьці.
Трэба меркаваць, ідзецца пра публікацыю маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», якая выказала думку, што іранскія бесьпілётнікі Shahed-136 могуць запускаць з адселеных вёсак Уласы і Кажушкі ў Хойніцкім раёне, у межах Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку на тэрыторыі беларускай зоны адчужэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля прыезду ў Кіеў нямецкага прэзыдэнта Расея запусьціла зь Беларусі іранскія дроныГрупа абгрунтавала сваю вэрсію тым, што ў гэтым раёне практычна ня дзейнічае мабільная сувязь і няма нікога, хто б мог паведаміць аб запуску дронаў, а на спадарожнікавых здымках бачна, што каля апусьцелых вёсак зьявіліся новыя дарогі.
«Хойніцкія навіны», у сваю чаргу, спаслаліся на кіраўніка запаведніку Аляксея Цішкаўца, які заявіў, што ніякай «прысутнасьці на тэрыторыі запаведніку не зафіксавана, дзейнасьць установы праходзіць у штатным рэжыме». Паводле яго, ахова дзень і ноч вядзе маніторынг на ўсіх квадратах запаведніку, акрамя таго, тэрыторыю пастаянна кантралююць памежнікі, супрацоўнікі аддзелу аховы зонаў радыяактыўнага забруджваньня і Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.
«Пратаптаныя дарогі», як іх апісваў «Беларускі Гаюн», кіраўнік запаведніку назваў толькі «шляхамі, якімі ідуць падчас маніторынгу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з 24 лютага 85 разоў атакавала энэргетычныя аб’екты Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Ізраіль перадаў Украіне дадзеныя для барацьбы з «Шагедамі»