Цела супрацоўніка Радыё Фарда (іранскай службы Радыё Свабода) даставілі ў Іран для пахаваньня па ўзгадненьні з іранскімі ўладамі. Аднак, паводле зьвестак крыніц Радыё Фарда, агенты Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі канфіскавалі цела і вывезьлі яго ў невядомае месца.
Палітычны аналітык Рэза Хагігатнэджад працаваў на Радыё Свабода з 2019 году. Ён памёр ва ўзросьце 45 гадоў ад раку ў бэрлінскай клініцы «Шарытэ» 17 кастрычніка.
Сваякі сьцьвярджаюць, што атрымалі ўсе неабходныя дазволы для таго, каб ён быў пахаваны ў родным горадзе Шыраз. Цела нябожчыка даставілі ў Іран 25 кастрычніка. Па дадзеных Радыё Фарда, улады зараз ціснуць на сваякоў, каб прымусіць іх пагадзіцца на пахаваньне ў іншым горадзе. Самі ўлады сытуацыю не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як іранская рэвалюцыя можа ўратаваць Украіну27 кастрычніка ў Шыразе, дзе плянавалі пахаваць Хагігатнэджада, адбыўся тэрарыстычны акт — узброены чалавек расстраляў 15 чалавек падчас малітвы. Улады абвінавацілі ў тэрарыстычным нападзе маніфэстантаў, пратэстоўцы — улады.
У Іране больш за месяц працягваюцца пратэсты пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, арыштаванай паліцыяй нораваў за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Удзельнікі акцыяў пратэсту абвінавачваюць паліцыю ў яе забойстве. Пры разгоне пратэстаў, у тым ліку з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, забітыя ўжо больш за 200 чалавек.
26 кастрычніка Іран наведаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Ён прыехаў у Тэгеран для перамоваў з іранскім калегам Амірам Абдалахіянам і заявіў, што «падыходы Беларусі і Ірану супадаюць у большасьці важных пытаньняў міжнароднага парадку дня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей на перамовах у Тэгеране: «Падыходы Беларусі і Ірану супадаюць у большасьці важных пытаньняў міжнароднага парадку дня»