Кітайская паліцыя пачала ствараць свае філіялы ў консульствах і пасольствах КНР па ўсім сьвеце. Такія выпадкі нядаўна падрабязна апісала невялікая праваабарончая арганізацыя Safeguard Defenders, якая базуецца ў Мадрыдзе, у справаздачы «110 офісаў за мяжой. Патруляваньне сьвету Кітаем выходзіць з-пад кантролю». Пра гэта піша Gazeta Wyborcza.
«110 замежных офісаў» — гэта лёзунг кітайскага пілётнага праекту, у якім удзельнічаюць паліцыянты з двух раёнаў прыбярэжнай правінцыі Фуцзянь. Эфэкты ўжо бачныя: у 21 краіне сьвету створана 38 кітайскіх паліцэйскіх участкаў, пішуць праваабаронцы. Пастарункі ёсьць у Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне, тры ў Вялікай Брытаніі (два ў Лёндане, адзін у Глазга) і чатыры ў Гішпаніі.
Гэта адбываецца насуперак законам краін, дзе ствараюцца аб’екты. Кітайская паліцыя рознымі спосабамі вяртае ў Кітай ня толькі вінаватых у транснацыянальных злачынствах, але і крытыкаў уладаў. У сьпіс увайшлі чыноўнікі, якія вывезьлі вялікія сумы грошай з Кітая, а таксама кантрабандысты людзей, наркадылеры, а таксама дысыдэнты.
Кітайская паліцыя, якая працуе пад назвай «заморская станцыя тэхабслугоўваньня» ў дыпляматычным прадстаўніцтве КНР, спрабуе прымусіць крытыкаў рэжыму ў Пэкіне маўчаць шляхам шантажу.
На міжнароднае права Кітай разьлічваць ня можа, бо мае дамовы аб экстрадыцыі толькі з 24 краінамі, у тым ліку і зь Беларусьсю.
Ва ўсім сьвеце дыпляматычныя прадстаўніцтвы працуюць на падставе Венскай канвэнцыі 1961 году, падпісантам якой зьяўляецца і Кітай. А паколькі канвэнцыя не прадугледжвае паліцэйскіх пастарункаў на тэрыторыі пасольстваў, Кітай могуць абвінаваціць у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны шляхам абыходу яе правоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жаданьне ваяваць стала мацнейшым». Заблытаная гісторыя добраахвотніка Клюкача, якога могуць дэпартаваць з Украіны