У гэтай схеме былі задзейнічаныя два інспэктары Чарнавецкай мытні, ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў.
Сьледчыя задакумэнтавалі ўвоз ва Ўкраіны з тэрыторыі Румыніі больш як 50 мільёнаў пачкаў цыгарэт на амаль паўмільёна даляраў.
«Празь немагчымасьць прамых паставак зь Беларусі арганізатары „праклалі“ маршрут цераз Эўропу. У суправаджальных дакумэнтах для эўрапейскіх кантрольных службаў яны пазначалі, што тавар нібыта накіроўваецца транзытам у Грузію. Але румынска-ўкраінскую мяжу грузавікі з цыгарэтамі перасякалі ўжо паводле іншых дакумэнтаў — пад выглядам пустога транспарту», — паведамілі ў ДБР.
Інспэктары Чарнавецкай мытні прымалі гэтыя фальшывыя дакумэнты, хаця ведалі, што знаходзіцца ў грузавых аўтамабілях. Нелегальна завезены тытунь прадавалі на тэрыторыі Ўкраіны.
Украінскім мытнікам уручылі падазрэньні ў саўдзеле ва ўхіленьні ад абавязковых мытаў па папярэдняй змове групы асоб, што прывяло да фактычных стратаў дзяржаўнага бюджэту ў памеры 80 мільёнаў грыўняў (прыкладна 2 мільёны даляраў у эквіваленце. — РС). Цяпер вырашаюь пытаньне аб выбары для іх меры папярэдняга стрыманьня і адхіленьня з пасад у мытні.
У Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў не ўдакладнілі, які перавозчык быў задзейнічаны ў перавозцы кантрабанды зь Беларусі, — беларускі, украінскі ці іншай краіны.
Сёлета 9 красавіка Эўразьвяз закрыў мяжу для беларускіх фур, паколькі Беларусь дала сваю тэрыторыю для ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абмежавалі пастаўкі прадметаў раскошы ў Беларусь і Расею і ўвялі дадатковыя санкцыі супраць алігархаў