Грамадзян Расеі здымаюць з рэйсаў у менскім аэрапорце. Нават тых, каму не прыходзіла позва аб мабілізацыі

Нацыянальны аэрапорт Менск

Расейцы працягваюць уцякаць ад мабілізацыі. Пасьля фактычнага закрыцьця межаў з Эўразвязам, праверак у Верхнім Ларсе на грузінскай мяжы адзіным маршрутам для ўцёкаў заставаўся транзыт празь Беларусь. Але некалькі дзён таму ў менскім аэрапорце памежнікі пачалі здымаць расейцаў з рэйсаў.

Карэспандэнт «Север.Реалии» пагаварыў з тымі, хто спрабаваў уцячы ад мабілізацыі праз Беларусь, але ня здолеў. Адным зь іх аказаўся беларус, які меў расейскае грамадзянства і жыў у Санкт-Пецярбургу.

Да нядаўняга часу патэнцыйныя прызыўнікі, якія ўцякалі ад мабілізацыі, дабіраліся да Менску, у тым ліку з дапамогай «прыватнікаў», якія перавозяць туды расейцаў абыходнымі шляхамі, як правіла, праз закінутыя памежныя заставы. Яны даяжджалі да менскага аэрапорту і ляцелі ў эўрапейскія краіны. Цяпер іх сталі здымаць з рэйсаў, хаця ніякіх афіцыйных забаронаў няма: на «гарачай лініі» аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь карэспандэнта «Север.Реалий» запэўнілі, што новых абмежаваньняў на перамяшчэньне грамадзян РФ ня ўводзілі.

Аднак у рэальнасьці зьняцьці расейцаў з рэйсаў пачаліся 21 кастрычніка, і цяпер такіх гісторый ужо дзясяткі.

Пецярбурскі беларус Кірыл К. быў адным зь першых, хто трапіў пад новую неафіцыйную забарону. Ён спрабаваў пакінуць Беларусь тройчы, але кожны раз атрымліваў адмову.

— Мне 30 гадоў, — дзеліцца Кірыл К. — Я сяржант, служыў у войску ў Пецярбургу ў 2012–2013 гадах. Ёсьць вайскова-ўліковая спэцыяльнасьць і пасада — камандзір аддзяленьня. Гэта значыць, сапраўдны жывы вайсковец. Рашэньне зьяжджаць з Расеі было прынята, як толькі пачалася мабілізацыя. Усё, што цяпер адбываецца ў краіне, — гэта абсалютна міма мяне, я гэтага зусім не падтрымліваю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: ПВК «Вагнэр» рэкрутуе зьняволеных зь ВІЧ і гепатытам

Па словах Кірыла К., перад ад’ездам ён прадумаў, якія ёсьць варыянты пакінуць Расею, каб ягоных дакумэнтаў ніхто не правяраў і не павярнуў на мяжы.

— Паколькі я родам зь Менску, то ведаю, як можна перасячы мяжу на аўтамабілі, зусім не фігуруючы нідзе, праз старыя закінутыя памежныя пункты. Паехаў гэтым маршрутам, дабраўся да Менску. Там шмат сяброў, сваякоў... Было дзе спыніцца, узяць машыну на беларускіх нумарах, каб не сьвяціцца нідзе. Яшчэ ў Пецярбургу я загадзя ўзяў білет зь Менску ў Стамбул. А далей зьбіраўся ляцець на Балі, на зімоўку. 21-га кастрычніка прыехаў у аэрапорт. Усё штатна, здаў багаж, чакаў кантролю... На мяжы стандартныя пытаньні: куды ляціце, мэта паездкі. Адказваў, як ёсьць: лячу ў Стамбул, там перасадка. Усё добра, добра.

Потым у нейкі момант твар у дзяўчыны ў акенцы зьмяніўся. Яна вельмі ўважліва нешта разглядала на кампутары. Было відаць, што яна не разумее, што адбываецца. А там у менскім аэрапорце так зроблена, што ў будцы па два чалавекі сядзяць. Яна павярнулася да сваёй калегі, нешта прашаптала, тая паціснула плячыма. Потым яны выклікалі трэцяга. Некалькі хвілін яны стаялі, нешта націскалі, а потым забралі мае дакумэнты і сказалі: «Пройдзем!».

Мяне прывялі ў іншую частку ў гэтай жа зоне, папрасілі пачакаць. Там ужо знаходзіўся малады чалавек, таксама гадоў 30. Мы зь ім пазнаёміліся, ён з Маскоўскай вобласьці. Празь некалькі хвілін да нас выйшлі, сказалі: «Хлопцы, на жаль, вы не ляціце, мы вас здымаем з рэйсу», — кажа Кірыл К.

На пытаньне аб прычынах мужчынам адказалі, што ўсё прапісана ў пагадненьні паміж Расеяй і Беларусьсю ад 2015 году.

«Мы ім: „Дайце адмову пісьмовую“, а яны: „Ня маем паўнамоцтваў, зьвяртайцеся ва УФМС Расейскай Фэдэрацыі“. Я кажу: „Якія прычыны? Мабілізацыя? Але мне не прыходзіла позва“. Адказваюць: „Ня можам знаць, у вас адмова“. І ўсё. Увогуле размова была грубая і досыць кароткая. Вядома, першы раз было стрэсава».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СМІ: На палігонах пад Асіповічамі і Баранавічамі актыўна трэнуюць расейскіх мабілізаваных

Затым Кірыл К. спрабаваў купіць другі квіток да Стамбула, са зваротным, а таксама ў Астану, аднак кожны раз паўтаралася працэдура з адмовай.

«Я заўжды сябе ідэнтыфікаваў як беларуса. Але Расея гэта мая краіна і я яе паўнапраўны грамадзянін. І я люблю Расею, я люблю Пецярбург, гэта мой горад, ён мне даў увесь мой сьветапогляд. Тут мой дом, мае бацькі, усё тое, што дарагое для мяне. І калі б так склалася, што мы сталі ахвярай нападу і адкрытай агрэсіі, я б не дазволіў сабе зьехаць. Але ўсё ня так. Мая краіна зачараваная, але гэтыя чары ня вечныя».

Па розных дадзеных, пасьля абвяшчэньня частковай мабілізацыі 21 верасьня толькі за першыя два тыдні Расею пакінулі ад 700 тысяч да 1 мільёна чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра разьмяшчэньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. МАПА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.