Як адзначаецца ў дакумэнце, «хоць урад не паўтарыў папярэднія адключэньні інтэрнэт-паслуг (падчас масавых акцый пратэсту ў 2020 годзе. — BPN.), ён працягнуў інтэнсіўную кампанію па падаўленьні анлайн-іншадумства».
У прыватнасьці, працягнулася блякіроўка незалежных інтэрнэт-СМІ, абмежаваны або забаронены доступ да замежных навінавых сайтаў і матэрыялаў, якія прызнаны «экстрэмісцкімі».
«Ва ўмовах працяглага палітычнага крызісу і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 года беларускі ўрад узмацніў адвольныя арышты журналістаў, блогераў, інтэрнэт-актывістаў і звычайных карыстальнікаў, асуджаючы затрыманых да «беспрэцэдэнтных тэрмінаў турэмнага зьняволеньня»,—гаворыцца ў дакумэнце.
«Сілавікі праводзілі рэйды, прымянялі катаваньні і выпускалі відэаролікі з прымусовымі прызнаньнямі, каб прымусіць іх замаўчаць», — канстатуе Freedom House.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт «Народнай волі» зноў заблякаваныЯк адзначаецца ў дакладзе, за апошні час улады закрылі больш за 150 некамэрцыйных арганізацый, што часта прыводзіла да блякіроўкі іх вэб-сайтаў. Чыноўнікі заяўлялі, што сайты «распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, накіраваную на распаўсюджваньне дэструктыўных настрояў у грамадзтве».
Па стане на май 2022 года ўсе асноўныя незалежныя СМІ і вэб-сайты няўрадавых арганізацый заставаліся заблякаванымі, за выключэньнем onliner.by.
Перад канстытуцыйным рэфэрэндумам у лютым 2022 года «ўрад заблякаваў доступ да вэб-старонак, на якіх абмяркоўвалася незалежнае назіраньне за галасаваньнем і кампанія апазыцыі па наўмысным псаваньні бюлетэняў у якасьці формы пратэсту». Акрамя таго, былі заблякаваныя сайты некаторых замежных агенцтваў навін, якія асьвятляюць падзеі ў Беларусі.
«Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну беларускі ўрад пачаў абмяжоўваць доступ да ўкраінскіх вэб-сайтаў, якія асьвятлялі вайну (у прыватнасьці, Gordonua.com, Obozrevatel.com, nv.ua, focus.ua, rbc.ua, inforesist.org). Аналягічным чынам улады заблякавалі расейскія вэб-сайты, асьвятленьне якіх не адпавядае лініі Крамля», — гаворыцца ў дакладзе FH.
Дасьледаваньні паказваюць, што блякіроўку інтэрнэта ў Беларусі ажыцьцяўляюць як дзяржаўныя органы, так і дзяржаўныя і прыватныя інтэрнэт-правайдэры.
Да чэрвеня 2022 года колькасьць «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дасягнула 1.800.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заблякавалі сайт выданьня CityDogБольшасьць матэрыялаў, забароненых у 2021-2022 гадах, былі зьвязаны з тэлеграм-каналамі. Да сярэдзіны траўня 2022 года 633 каналы былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Freedom House адзначае, што ў сакавіку 2022 года Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе блякіраваць агрэгатары навін, якія распаўсюджваюць матэрыялы з сайтаў, забароненых Мінінфармацыі, а ў чэрвені 2021 года ўрад прыняў новую пастанову, закліканую павысіць хуткасьць і эфэктыўнасьць яе блякіроўкі.
«Інтэрнэт-журналісты недастаткова абаронены беларускім заканадаўствам. Пасьля прадэмакратычных пратэстаў і ўрадавых рэпрэсій, распачатых у жніўні 2020 года, улады не рабілі спробаў расьсьледаваць адвольныя затрыманьні журналістаў або заводзіць крымінальныя справы ў адказ на скаргі журналістаў на гвалт з боку праваахоўнікаў», — падкрэсьліваецца ў дакладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Сацука, які пісаў пра карупцыю і спрачаўся з Лукашэнкам, асудзілі на 8 гадоў калёнііПаводле БАЖ, за кратамі цяпер знаходзяцца 32 прадстаўнікі беларускіх СМІ.