«Цяпер на тэрыторыі Беларусі працягваюць навучаць асабісты склад, правяраць сыстэмы сувязі і праводзіць ратацыі асабістага складу, а таксама іншую штодзённую дзейнасьць, накіраваныя толькі на тое, каб адцягнуць нашу ўвагу і сілы з усходу і поўдня Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Чарняк у камэнтары інфармацыйнаму агенцтву «РБК-Україна».
Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка, пачынаючы з красавіка, намагаецца пазьбегнуць адкрытага супрацьстаяньня.
«Безумоўна, ён ужо стаў удзельнікам вайны, даўшы сваю тэрыторыю для расейскай агрэсіі. Але ён спрабуе пазьбегнуць, каб узброеныя сілы Беларусі заходзілі на тэрыторыю Ўкраіны», — дадаў Андрэй Чарняк.
У той жа час, паводле ўкраінскай выведкі, пагроза паўторнага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі застаецца, але, хутчэй за ўсё, гэта могуць быць сілы Расеі або супольная беларуска-расейская групоўка войскаў, якая цяпер ствараецца на беларускай тэрыторыі.
У часе ўварваньня 24 лютага ва Ўкраіну зь беларускага пляцдарму Расея задзейнічала каля 40 батальённых тактычных груп. Цяпер, паводле ўкраінскай выедкі, такой колькасьці войскаў на тэрыторыі Беларусі пакуль што няма.
«Стварэньня ўдарнай групоўкі, якая была б належным чынам аснашчаная, узброеная і забясьпечаная, мы ня бачым», — падкрэсьліў Андрэй Чарняк.
Згодна з зьвесткамі ўкраінскай выведкі, цяпер ля межаў Украіны знаходзяцца шэсьць батальёнаў Узброеных сіл Беларусі і адзін атрад Сіл спэцыяльных апэрацый. У Беларусь Расея перакінула самалёты МіГ-31К, якія могуць несьці ракеты «Кінжал».
Як у Беларусі патлумачылі вайсковую актыўнасьць
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч на апэратыўных зборах паведаміў, што цягам апошняга году ў Беларусі адпрацавалі пытаньні кіраваньня войскамі, разьмяшчэньня ўпраўленьня пунктаў кіраваньня ў розных умовах і іх мабільнасьці.
Паводле яго, беларускія падразьдзяленьні атрымалі дадатковыя бесьпілётнікі і сродкі сувязі.
«Галоўнае палягае ў тым, каб ня страчвалася плянавасьць падрыхтоўкі. Для таго, каб вайсковец набыў навыкі па ўсіх відах дзейнасьці, ён павінен займацца. Мы адсочваем сытуацыю ўздоўж нашых межаў, кантралюем разгортваньне рознага кшталту груповак у сумежных краінах і правядзеньне імі вучэньняў. У выпадку, калі мы адчуваем нейкія рызыкі і выклікі, то выдзяляем нашы сілы неадкладнага рэагаваньня, дзяжурныя падразьдзяленьні ў раёны, дзе яны могуць пасьпяхова адбіць магчымы наступ праціўніка», — заявіў Віктар Гулевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У адказ нанясем удар па вайсковых аб’ектах Беларусі». Узброеныя сілы Ўкраіны зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў. ВІДЭАМіністэрства абароны Беларусі таксама распаўсюдзіла відэазварот беларускіх вайскоўцаў да Ўзброеных сілаў Ўкраіны ў адказ на заклік украінцаў не выконваць злачынных загадаў свайго кіраўніцтва ў выпадку рашэньня аб далучэньні беларускай арміі да вайны Расеі супраць Украіны.
У звароце беларускія вайскоўцы заклікалі ўкраінскіх вайскоўцаў не запалохваць іх, а таксама ўспомніць, як «нашы дзяды і прадзеды разам пешшу дайшлі да Бэрліну». Паводле іх, адраджэньне генэтычнай памяці дазволіць спыніць супрацьстаяньне.
«Калі вы ня хочаце вайны, яе ня будзе. Не правакуйце нас, не спрабуйце запалохаць, не нагнятайце — і будзе так, як вы хочаце. Мы вайны ня хочам і нікому не пагражаем. Але на выклікі і правакацыі адкажам без прамаруджваньня», — адзначаецца ў відэароліку Міністэрства абароны Беларусі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.