Крымінальную справу завялі супраць Андрэя Асмалоўскага, Артура Смалякова і Дзіяны Чарнушынай паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Як паведамляе «Вясна», судовы працэс вядзе судзьдзя Ала Скуратовіч, дзяржабвінаваўца — старшы памочнік пракурора Аксана Саковіч.
- Палітзьняволены Артур Смалякоў — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 27 ліпеня 2022 году. Пасьля 15 дзён адміністрацыйнага арышту на волю ня выйшаў. Да суду ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Менску.
- Палітзьняволены Андрусь Асмалоўскі — сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, быў затрыманы 29 ліпеня 2022 году. Да суду ўтрымліваўся ў СІЗА № 1 Менску.
- Дзіяну Чарнушыну, грамадзянскую жонку Асмалоўскага, таксама затрымалі 29 ліпеня і зьмясьцілі ў СІЗА № 1.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Смалякоў, Асмалоўскі і Чарнушына прынялі актыўны ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску 23 жніўня 2020 году, парушалі грамадзкі парадак, на заклікі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі, парушалі спакой грамадзян і перашкаджалі руху грамадзкага транспарту.
«Марш новай Беларусі» 23 жніўня 2020 году праводзіўся супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткасьці міліцыі. У тую нядзелю ў дэманстрацыі ўдзельнічалі ня менш за 100 тысяч чалавек. Колькасьць затрыманых удзельнікаў перасягнула 100.
Абвінавачаных падчас судовага пасяджэньня трымалі ў кайданках.
Усе абвінавачаныя прызналі сваю віну. Прадстаўніца пракуратуры Аксана Саковіч запрасіла для абвінавачаных пазбаўленне волі, паведаміла «Наша ніва»:
- Артуру Смалякову — два гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Дзіяне Чарнушынай — два гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Андрусю Асмалоўскаму — тры гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд будзе абвешчаны 31 кастрычніка.
1 лістапада пачнецца суд над старшынёй партыі Мікалаем Казловым, лідэркай менскай арганізацыі АГП Аксанай Аляксеевай і юрысткай, праваабаронцай Антанінай Кавалёвай
Агулам за кратамі цяпер 13 сяброў АГП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 жніўня: прызначылі дату суду над Ксеніяй Луцкіной; Мікалая Казлова вінавацяць у кіраваньні «радыкаламі»