Штайнмаер паабяцаў шэфства па аднаўленьні разбураных Расеяй гарадоў Украіны. Падчас паветранай трывогі ён хаваўся ў бамбасховішчы

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер упершыню прыехаў у Кіеў зь візытам, які раней адкладаўся празь небясьпеку.

Як паведаміла Ўкраінская чыгунка, Франк-Вальтэр Штайнмаер ехаў ва Ўкраіну цягніком, а ў ягонае купэ паставілі букет ірысаў у сіня-жоўтым афармленьні.

«Маё пасланьне народу Ўкраіны: вы можаце разьлічваць на Нямеччыну! Мы прадоўжым падтрымліваць Украіну: у вайсковай, палітычнай, фінансавай і гуманітарнай сфэрах. І адначасова я зьвяртаюся да ўсіх немцаў дома: давайце ніколі не забывацца, што гэтая вайна азначае для людзей тут!» — адзначаецца ў заяве прэзыдэнта Нямеччыны.

Дакумэнт абнародавала Кэрсьцін Гамэлін, сьпікер Франка-Вальтэра Штайнмаера.

Прэзыдэнт Нямеччыны падкрэсьліў, што Ўкраіне патрэбна максымальна хуткае аднаўленьне зруйнаванай інфраструктуры, электрасетак, водаправодаў і цепласетак.

«Разам з прэзыдэнтам Зяленскім я вазьму шэфства над партнэрскай сеткай гарадоў. Чым больш будзе партнэрства, тым лягчэй будзе перажыць зіму», — сказана ў заяве прэзыдэнта Нямеччыны.

Пазьней журналісты, якія суправаджаюць прэзыдэнта Нямеччыны, паведамілі, што ў часе наведваньня гораду Карукаўка ў Чарнігаўскай вобласьці абвясьцілі паветраную трывогу ў сувязі з запускам зь Беларусі іранскіх дронаў, і Франк-Вальтэр Штайнмаер вымушаны быў перамясьціцца ў бомбасховішча.

Там ён чакаў 1,5 гадзіны разам з украінцамі, якія таксама хаваліся ад чарговай расейскай атакі.

Карукаўка знаходзіцца за 70 кілямэтраў ад беларускага пункту пропуску «Весялоўка» ў Гомельскай вобласьці.

Цяперашні візыт Штайнмаера — гэта трэцяя спроба прыехаць у Кіеў. На мінулым тыдні візыт скасавалі з-за небясьпекі.

Прэзыдэнт Нямеччыны плянаваў наведаць Кіеў у сярэдзіне красавіка разам з прэзыдэнтамі Літвы, Польшчы, Латвіі і Эстоніі, але не прыехаў і заявіў, што супраць візыту выказалася ўлада Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўракамісіі заявілі, што паваеннае аднаўленьне Ўкраіны мае адбывацца ў рамках яе інтэграцыі ў Эўразьвяз
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў заклікаў знішчыць украінскія гарады, яму нагадалі гісторыю зруйнаваньня Расеяй Грознага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.