Латыскі міністар выказаў думку, што Ўкраіна ўвойдзе ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама ў NATO, калі захоча ўкраінскі народ, а ўкраінская армія будзе адной з наймацнейшых армій у Эўропе. Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце.
Таксама Пабрыкас зрабіў некалькі заяваў, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі.
— Скажыце, вы сказалі, што мы сапраўды ведаем, хто наш супернік і хто наш вораг, згадваючы пры гэтым Расею. А Беларусь вы адносіце да такіх краін?
— Вельмі складанае пытаньне, таму што паводле мілітарных прынцыпаў, ваенных прынцыпаў, мы ня бачым сёньня Беларусь як аўтаномную дзяржаву. Яна па ваенных прынцыпах кантралюецца Расеяй.
Вядома, пытаньне Беларусі ў будучыні будзе адкрытае. Бо будучыня Беларусі залежыць ад таго, як Расея скончыць гэтую вайну. І я думаю, што ёсьць вельмі вялікая магчымасьць, што Беларусь зноў стане незалежнай і нават дэмакратычнай дзяржавай. Таму што грамадзтва Беларусі ў параўнаньні з расейскім грамадзтвам ня так празамбаванае: яны ня хочуць гэтай вайны, яны не ўхваляюць гэтую вайну супраць Украіны.
Я думаю, сам Лукашэнка ў сваім розуме і сэрца таксама ў гэтым сумняваецца, але ён хоча выжыць неяк. І ў канкрэтнай сытуацыі ён знаходзіцца ў вельмі вузкім тунэлі, дзе, з аднаго боку, ён залежыць ад Пуціна вельмі моцна, а з другога боку, разумее, што ён павінен неяк усё ж такі ад яго адрозьнівацца. Гэта значыць, я ня кінуў зусім яшчэ ўсе надзеі на сьветлую будучыню для Беларусі. Але гэта здарыцца не раней як пасьля заканчэньня гэтай вайны.
— Але вы дапускаеце, што гэтая сьветлая будучыня будзе пры Лукашэнку?
— Я думаю, што пасьля вайны хтосьці іншы будзе ў Беларусі, не Лукашэнка. Пытаньне: ці будзе ён нейкім фэадалам, якога Масква там паставіць? Ці ён прыйдзе, скажам так, ад беларускага народу. Але час Лукашэнкі заканчваецца.
— Колькі ў яго засталося часу?
— Цяжка сказаць, таму што такія дыктатары ўсё ж вельмі жывучыя. І я мушу сказаць, што Лукашэнка быў добрым майстрам. Ён, у прынцыпе, пражыў вельмі доўга ў сваёй пазыцыі. І было вельмі цікава глядзець, як ён манэўраваў паміж Захадам, Усходам і ўсімі астатнімі сіламі. Але нават для такога майстра, як Лукашэнка, час скончыўся.