«Наша салідарнасьць непарушная і такой застанецца. Фэдэральны прэзыдэнт Штайнмаер прыбыў ва Ўкраіну», — напісала Гамэлін.
Гэта першы візыт Штайнмаера ва Ўкраіну ад пачатку паўнамаштабнай вайны.
У красавіку 2022 году ўкраінскія ўлады адхілілі візыт прэзыдэнта Нямеччыны за ягоныя сувязі з Расеяй. Тады Штайнмаер меў намер наведаць Кіеў разам з прэзыдэнтамі Польшчы і краін Балтыі. Сам палітык асудзіў агрэсію Крамля з моманту паўнамаштабнага ўварваньня Расеі і заклікаў прыцягнуць Пуціна і яго атачэньне да адказнасьці.
Рашэньне Офісу прэзыдэнта Ўкраіны ў красавіку выклікала абурэньне ва ўрадзе Нямеччыны. Канцлер Оляф Шольц тады заявіў, што ня будзе наведваць Украіну пасьля рашучай адмовы Кіева прымаць Штайнмаера. Аднак ужо ў траўні Зяленскі і Штайнмаер правялі тэлефонную размову, падчас якой бакі «дамовіліся пакінуць мінулае ззаду і сканцэнтравацца на будучым супрацоўніцтве».
Прыезд Штайнмаера мусіў адбыцца яшчэ 20 кастрычніка, але быў адкладзены зь «меркаваньняў бясьпекі». Але ў той дзень у Кіеў прыбыў прэзыдэнт Швайцарыі.
Пасьля ўварваньня 24 лютага прэзыдэнт Нямеччыны заявіў, што памыляўся ў сваіх палітычных ацэнках, у прыватнасьці ён назваў памылкай тое, што падтрымліваў будаўніцтва газаправода «Паўночны паток – 2».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне згарэў інтэрнат для ўкраінскіх бежанцаў. Асноўная вэрсія — падпал ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Оляф Шольц: тактыка выпаленай зямлі не дапаможа РФ выйграць вайну